Наргез Махамадзі / Middle East Images/AFP/Getty Images
Сем з паловай гадоў турмы прысудзілі ў Іране 53-гадовай праваабаронцы Наргез Махамадзі, лаўрэатцы Нобелеўскай прэміі міру 2023 года.
Як паведаміла яе адвакатка, шэсць гадоў прысудзілі за "ўдзел у сходах і змову з мэтай здзяйснення злачынстваў", яшчэ паўтара года — за "прапаганду". Пасля зняволення Махамадзі яшчэ два гады будзе забаронены выезд з краіны.
Махамадзі затрымалі 12 снежня 2025 года падчас хаўтураў адваката-праваабаронцы Хасрова Алікордзі. 2 лютага 2026-га яна абвясціла галадоўку.
Наргез Махамадзі — віцэ-прэзідэнтка Цэнтра праваабаронцаў у Іране. Цягам апошніх 20 гадоў яе 13 разоў арыштоўвалі за выступы супраць рэжыму, а таксама за журналісцкую і праваабарончую дзейнасць. Без уліку новага прысуду агульны тэрмін прызначанага ёй зняволення складае 31 год, з іх яна адбыла 10. Напрыклад, у 2021-м Махамадзі прысудзілі два з паловай гады пазбаўлення волі і 80 удараў бізуном за "антыдзяржаўную прапаганду".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут