Габрыелюс Ландсбергіс
Міністр замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс назваў праект агульнай лініі абароны краін Балтыі падрыхтоўкай да магчымай вайны. "Гэта таксама палітычнае пасланне — пасланне Літвы, Латвіі і Эстоніі, — цытуе яго словы Delfi. — Што мы адчуваем набліжэнне вайны. Мы разумеем, што, калі Расія не будзе спыненая ва Украіне, яна пойдзе далей. А далей будуць краіны Балтыі... Гэта не недавер, гэта — падрыхтоўка да таго, што можа адбыцца".
Ландсбергіс спадзяецца, што падрыхтоўка лініі абароны стане дастатковым сігналам "сябрам і партнёрам у Еўропе", што да сітуацыі варта ставіцца сур'ёзна. Якраз NATO пачынае самыя буйныя вучэнні з часоў халоднай вайны.
Пра тое, што краіны Балтыі пабудуюць лінію абароны ўздоўж мяжы з Расіяй і Беларуссю, міністры абароны Латвіі, Літвы і Эстоніі дамовіліся днямі на сустрэчы ў Рызе. Праект мусіць быць рэалізаваны ў бліжэйшыя гады. Габрыелюс Ландсбергіс перакананы, што час для падрыхтоўкі да супраціўлення магчымай агрэсіі вельмі абмежаваны. "Украіна адваёўвае для нас час сваёй крывёю, сваімі жыццямі, усім, што ў яе ёсць. І мы не ведаем, колькі яшчэ часу яны змогуць нам выйграць", — гаворыць міністр замежных спраў Літвы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут