Квенцін Таранціна прызнаўся, што ведаў пра дамаганні Вайнштэйна да жанчын

20/10/2017 - 08:36

Рэжысёр Квенцін Таранціна прызнаўся, што ведаў пра дамаганні прадзюсара Харві Вайнштэйна да акторак і мадэляў. Але нічога не зрабіў, каб спыніць прадзюсара.

"Я ведаў дастаткова, каб зрабіць больш, чым зрабіў, — цытуе The New York Times заяву Таранціна. — Гэта былі не проста звычайныя чуткі і звычайныя плёткі. Я ведаў пра гэта не з другіх рук. Я ведаў пра пары выпадкаў, калі ён рабіў падобныя рэчы".

Таранціна таксама выказаў шкадаванне, што ў свой час не спыніў Харві Вайнштэйна. "Мне шкада, што я не ўзяў на сябе адказнасць за тое, пра што мне было вядома, — сказаў рэжысёр. — [Але] калі б я зрабіў тое, што павінен быў, мне б не давялося з ім працаваць".

Кінастудыя Miramax, заснаваная Бобам і Харві Вайнштэйнамі, выпусціла большасць вядомых фільмаў Квенціна Таранціна, уключаючы "Бясслаўных ублюдкаў", "Крымінальнае чытво" і "Забіць Біла".

У пачатку кастрычніка амерыканскія СМІ апублікавалі расследаванні пра тое, што Харві Вайнштэйн цягам доўгіх гадоў схіляў маладых акторак і мадэляў да сэксу. Яны не рашаліся адмовіць яму і ўзнімаць скандал пасля, бо баяліся, што аўтарытэтны прадзюсар пахавае іх кар'еры.

Пасля публікацый свае гісторыі стасункаў з Вайнштэйнам распавялі многія акторкі (напрыклад, Анджэліна Джалі і Гвінет Пэлтроў). Прадзюсара выключылі з Амерыканскай кінаакадэміі. Расследаванні супраць яго вядуць амерыканскія і брытанскія праваахоўныя органы.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі