Ці праўда ўсе мінчане атрымалі чыстую ваду пасля пераходу на артэзіянскую крыніцу / @rubanau_collage
Мінск не адчуў змены ў якасці вады пасля пераводу сталіцы на артэзіянскія крыніцы.
"Я як карысталася фільтрам для вады, так дагэтуль і карыстаюся", — расказвае мінчанка з праспекта Дзяржынскага.
Еўрарадыё спытала ў мінчан, ці пахне хлоркай з кранаў, а заадно і пра попыт на бутыляваную ваду ў прадаўцоў.
Міхаіл жыве на Пятроўшчыне. Паводле яго слоў, вада ў доме заўсёды была дрэнная, таму яны з сям'ёй купляюць пітную. Пасля 10 студзеня (менавіта тады Фрунзенскі і Маскоўскі раёны нібыта перавялі на артэзіянскую ваду) сітуацыя не змянілася.
— Я як хадзіў у краму па пяцілітровікі, так і дагэтуль хаджу. З-пад крана заліваем толькі ў чайнік. І так, чайнік як чысцілі ад накіпу, так і чысцім. Наогул нічога не змянілася.
— Людзі аднолькава тэлефануюць. Хаця не зусім зразумела. Мы ж і ад юрыдычных асоб бяром заказы, разумееце? З фізічнымі асобамі складана... Заказаў хапае, але на цяперашні момант пакуль складана сказаць. Заявак і званкоў хапае. Магчыма, нехта ўсё роўна працягвае заказваць нашу ваду.
— А ў вас усё адно вада чысцейшая, чым артэзіянская з крана?
— Наша вада ідзе з свідравіны, плюс яна адпавядае па мінералах. Наша вада ў любым выпадку лепшая. Вядома, магчыма, у людзей пах хлору знік, але наша лепшая. І тыя, хто прывык ужо піць нашу ваду, працягнуць яе піць. Але прайшло яшчэ занадта мала часу, каб рабіць нейкія высновы.
Аператар з іншай службы дастаўкі расказвае, што сітуацыя стабільная і вада па-ранейшаму актыўна прадаецца.
— Заказаў менш не стала. Нічога не змянілася.
— Ага, выходзіць, людзям па-ранейшаму патрэбная чыстая вада…
— Ну, ваду хоць і перавялі на артэзіянскую, але, напрыклад, у Каменцы яна дагэтуль аддае хлоркай — такая ж дрэнная. Дзе вада першапачаткова падаецца — там добрая, а дзе далей ідзе па ўсім горадзе, то там ужо горш. Трубы ж не мянялі, і каб усюды была нармальная добрая вада, трэба перарабіць усю вадасістэму ў Мінску, у кожным доме.
— Атрымліваецца, у артэзіянскай вадзе з кранаў няма ніякага сэнсу?
— Ну, можна сказаць і так. На артэзіянскую перавялі, а трубы не памянялі, і таму ў гэтым няма сэнсу. Але людзі заказваць працягваюць.
У яшчэ адной службе дастаўкі вады кажуць, што спаду кліентаў няма: некаторыя сышлі, але на іх месца прыходзяць новыя.
— Ёсць заказчыкі, якія адмаўляюцца ад нашых паслуг, бо ў іх ужо цячэ артэзіянская вада з крана, але тым не менш кожны дзень усё адно прыходзяць новыя, хто хоча бутыляванай вады. Сказаць, што ў нас паменшыўся паток прыватных асоб — не, я не магу.
У мінскім гарадскім водаканале не змаглі адказаць, чаму з кранаў многіх мінчан дагэтуль ідзе дрэнная вада.
— Не ведаю, што вам сказаць. Мінск пераведзены ўсюды на артэзіянскую ваду.
— А чаму ў некаторых добрая вада ўсё ж пайшла, а ў мяне — не?
— Мы ж у прынцыпе ўвесь горад пераводзілі... Калі вас нешта бянтэжыць, вы можаце пакінуць заяўку на правядзенне лабараторнага кантролю вады.
10 студзеня Ммнск цалкам перавялі на артэзіянскую ваду. Раней артэзіянская вада была ў дамах большасці гараджан за выключэннем самых буйных раёнаў беларускай сталіцы — Маскоўскага і Фрунзенскага.
У пуску артэзіянскай вады з падземных крыніц узяў удзел сам Лукашэнка. І назваў гэта "найвялікшым подзвігам нашага пакалення".
— Кажуць, у нас няма карысных выкапняў. Самае вялікі карысны выкапень у нас — чыстая вада, — сказаў ён на адкрыцці.
Цалкам забяспечыць сталіцу артэзіянскай вадой абяцалі апошнія гадоў 10. Тэрміны называліся розныя: ад 2013 да 2020 года.
Напрыклад, у 2010 годзе начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі МЖКХ Беларусі Анатоль Шагун казаў, што "калі вада ў вашай кватэры пахне хлорам — засталося пацярпець яшчэ 10 гадоў". То-бок да 2020-га. Аказалася, чакаць давялося да 2025-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут