Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА
Офіс прэзідэнта Украіны звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з просьбай разгледзець магчымасць адкрыць крымінальную справу на Аляксандра Лукашэнку, перадае Reuters.
Яшчэ ў траўні ў Офіс прэзідэнта звярнулася арганізацыя "Беларускі дэмакратычны форум". Яна заклікала ўкраінскія ўлады прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за ваенныя злачынствы, генацыд і дзяржаўны тэрор. Таксама Лукашэнку вінавацяць у дапамозе Расіі падчас поўнамаштабнага ўварвання і прымусовым вывазе ў Беларусь прынамсі 2442 украінскіх дзяцей.
Генсакратар "Беларускага дэмакратычнага форуму" Дзмітрый Балкунец заявіў, што адкрыццё такой крымінальнай справы стане актам гістарычнай справядлівасці: "Гэта можа мець глыбокі ўплыў унутры Беларусі, паколькі Лукашэнка ўспрыме гэта вельмі асабіста і будзе глыбока занепакоены наступствамі".
Намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Алег Татараў адказаў, што зварот перадалі ў пракуратуру для "прыняцця адпаведных мер рэагавання", калі для гэтага будуць законныя падставы, адзначае hromadske.ua.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут