Кіраўнік СК не выключае, што колькасць фігурантаў "справы Ціханоўскага" зменіцца

11/06/2020 - 10:45

Колькасць фігурантаў "справы Ціханоўскага" можа змяніцца. Пра гэта старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў журналістам пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам

Ён паведаміў, што справу пачалі па факце ўжывання гвалту да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, а потым перакваліфікавалі на арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Абвінавачанымі па справе праходзяць 10 чалавек. 

"Колькі чалавек у канчатковым выніку будзе прыцягнута да крымінальнай адказнасці, я пакуль не скажу. Магчыма, іх будзе больш, магчыма, менш. Але расследаванне паказвае, што ў ініцыятыўнай групе, фігуранты якой у тым ліку прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці ў сапраўдны момант, было каля паўсотні судзімых асоб, больш за дзясятак неаднаразова судзімых. Якраз практычна ўсе з іх і з'яўляюцца фігурантамі гэтай крымінальнай справы", — перадае БЕЛТА словы Наскевіча.

29 траўня ў Гродне на выбарчым пікеце Святланы Ціханоўскай супраць яе мужы і кіраўніка ініцыятыўнай групы адбылася правакацыя. Міліцыянты паспрабавалі беспадстаўна спыніць Сяргея Ціханоўскага, аднак за яго заступіліся навакольныя. У мітусні адзін з міліцыянтаў паваліўся на зямлю. Пасля гэтага Ціханоўскага і яшчэ паўтара дзясятка чалавек затрымалі. 8 чэрвеня ім выставілі абвінавачанне. Паводле афіцыйных звестак, траўмы атрымалі два міліцыянты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі