Кіраўнік СБУ распавёў падрабязнасці пра затрыманне ва Украіне "кума Пуціна"

13/04/2022 - 17:52

Старшыня СБУ Іван Баканаў раскрыў падрабязнасці спецаперацыі па затрыманні Віктара Медведчука ("кума Пуціна"), украінскага палітыка і алігарха, якога традыцыйна называюць прарасійскім. Яго абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, з мінулага года трымалі пад хатнім арыштам, але ў лютым 2022-га, на пачатку вайны, Медвядчук знік.

Па версіі Баканава, ФСБ РФ спрабавала вывезці Медведчука спачатку ў Прыднястроўе, а пасля — у Расію (у Маскву). У гэтай расійскай аперацыі былі задзейнічаны "прадстаўнікі злачыннага свету і карумпаваныя праваахоўнікі". ФСБ адмыслова "укідвала дэзынфармацыю, спецыяльна рабіла фэйкавыя "злівы", спрабавала накіраваць СБУ на фальшывы след. "Нават падрыхтавала "псеўда-Медведчукоў" для адцягвання ўвагі", — кажа Іван Баканаў.

Затрыманне адбылося на выездзе з Кіеўскай вобласці. Віктара Медведчука "пад выглядам вайскоўца ЗСУ нібыта ў суправаджэнні калег хацелі давезці да ўкраінскай мяжы", каб на лодцы пераправіць у Прыднястроўе. Там ужо чакалі спецназаўцы ФСБ, каб яго вывезці ў Расію. Аднак контрразведка СБУ выйшла на праўдзівы след, вызначыла маршрут і месца прыбыцця расійскага спецназу. З Медведчуком былі нейкі ўкраінскія сілавікі, якія таксама затрыманыя.

Баканаў называе аперацыю "складанай і небяспечнай". Яна працягвалася "каля месяца ў ваенных умовах". Па словах кіраўніка СБУ, загад "знайсці пана Медведчука" даў Уладзімір Зяленскі. І пасля шматлікай "аналітычнай і аператыўнай працы" ўсё скончылася паспяхова, заявіў Іван Баканаў. Паводле яго слоў, затрыманага чакае суд і "заслужанае пакаранне".

Зяленскі прапаноўвае абмяняць Медведчука на палонных украінцаў. Масква на такую прапанову рэагуе нервова.

Затрыманы Віктар Медвядчук / СБУ

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі