Леанід Заяц з курткай для мігрантаў / скрыншот відэа
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц вырашыў паўдзельнічаць у зборы дапамогі для мігрантаў на беларуска-польскай мяжы, расказалі ў эфіры Магілёўскага тэлебачання. На кадрах было відаць, як Заяц нясе ў руках куртку, паказвае яе суправаджальнікам, нешта кажа, а затым кладзе ў машыну, якая павінная даставіць дапамогу мігрантам.
Што гэта за куртка, новая яна ці раней належала кіраўніку рэгіёна, аўтары сюжэту не расказалі. Адзначылі толькі, што "да акцыі дапамогі асабістым прыкладам далучыўся" і Леанід Заяц.
"Праблематычна аказацца ў такіх жахлівых умовах, у якіх сёння аказаліся і дзеці, і старыя, і пенсіянеры, цяжарныя жанчыны. І людзі, разумеючы сітуацыю, у якой аказаліся гэтыя грамадзяне, усяляк спрабуюць дапамагчы", — патлумачыў свой учынак чыноўнік.
Нагадаем, раней назіральныя карыстальнікі заўважылі на некаторых уцекачах не самыя танныя курткі. Некаторыя мігранты для паходу праз Беларусь і Польшчу ў Германію выбралі для сябе вопратку брэндаў Canada Goose і Monclear. Іх кошт складае $1000- $1500.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут