Эдуард Пальчыс / Еўрарадыё
Экс-палітвязень Эдуард Пальчыс расказаў, хто каардынаваў пратэсныя маршы ў 2020 годзе. Большая частка працы рабілася праз тэлеграм-чат, у якім сабраліся адміністратары буйных тэлеграм-каналаў.
"План сабрацца 9 жніўня на Стэле. Планы першых васьмі маршаў, "План Перамогі" [не блытайце з "Планам "Перамога", які з'явіўся пазней. — Еўрарадыё] і практычна кожны вялікі тэкст, які вы чыталі ў NEXTA, "Беларусь головного мозга", МКБ і г.д. — усё гэта было напісана мною ці сыходзіла ў асноўным ад мяне. Як і шмат-шмат іншага. У тым ліку наземная каардынацыя маршаў ужывую. Мы каардынавалі і планавалі акцыі, знаходзячыся ў Мінску. <...> Ногі мае гарэлі, а ўдзельнікі маршаў не раз прымалі мяне за ціхара (за стыль адзення і маску), што часам несла для мяне не меншыя рызыкі, чым сустрэча з КДБ", — піша Пальчыс у сваім тг-канале.
Блогера затрымалі 27 верасня 2020 года. У снежні 2021-га яго прысудзілі да 13 гадоў пазбаўлення волі. Сведкам па яго справе быў Раман Пратасевіч, які апынуўся ў руках сілавікоў у траўні 2021-га, пасля прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair.
19 сакавіка 2026 года Эдуард Пальчыс быў вызвалены, дзякуючы беларуска-амерыканскім перамовам. Але да нядаўняга часу за кратамі заставаўся апошні ўдзельнік каардынацыйнага чата — былы следчы, айцішнік Яўген Юшкевіч. Цяпер вызвалены і ён, таму Пальчыс перастаў маўчаць, хаця дагэтуль публічна амаль не выказваўся.
"Па выхадзе было вельмі смешна назіраць за дзеяннямі некаторых персанажаў, якія ўсяляк спрабавалі пахайпіць і падзяліць лаўры 2020 года. Хаця побач з працэсамі наогул не стаялі. Нехта нават кнігі паспеў напісаць і ў турнэ з імі з'ездзіць. Мая ім парада — пачынайце супакойвацца і будзьце крыху больш сціплымі", — дадае блогер.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут