Кіраўнік Гомельскай вобласці трапіў на семінар па "ямачным рамонце"

06/04/2023 - 09:18
Падчас семінара / t.me/gomel_region_gov/

Кіраўнік Гомельскай вобласці Іван Крупко трапіў на семінар па "ямачным рамонце". Як піша "Гомельская праўда", мерапрыемства з гучнай назвай "Сучасныя тэхналогіі выканання ямачнага рамонту пакрыццяў аўтамабільных дарог і вуліц" прайшло ў Рэчыцкім раёне. Яго арганізавалі "Гомельаўтадар" і "Гомельаблдарбуд". З усёй вобласці на незвычайны семінар сабралі каля 80 чалавек — прадстаўнікоў райвыканкамаў, прадпрыемстваў дарожнай гаспадаркі і ЖКГ.

Удзельнікам семінара паказалі, як рабіць якасны "ямачны рамонт". Гаворка ішла і пра далёкую, але жаданую мэту — нарэшце адмовіцца ад яго. А пакуль чыноўнікі прапануюць выдаваць прэміі рабочым, калі іх "ямачны рамонт" пратрымаўся год і больш.

"Ямачны рамонт" — гэта калі з дарогі здымаецца невялікі ўчастак пашкоджанага асфальту, непрыдатны матэрыял вывозяць, а на яго месца ўкладваюць новы пласт (могуць быць і больш простыя варыянты). Праблема стану дарог актуальная для ўсёй краіны. Грошай на іх рамонт не хапае, а атрымаць іх з Захаду з-за санкцый ужо немагчыма.

gp.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі