Кіраўніцтва каліноўцаў наехала на BYSOL за збор грошай для палка "Пагоня"

04/07/2022 - 09:10

Кіраўніцтва атраду імя Кастуся Каліноўскага незадаволенае зборам сродкаў, які фонд BYSOL абвясціў для палка "Пагоня". "Недавер" да абвешчанага нядаўна збору на атрад беларускай авіяразведкі быў заяўлены праз тг-канал "Беларускага дома ва Украіне". Вось што там сказана:

Скрыншот поста з абвінавачаннямі ў бок BYSOL і Prague Support Team

Якое дачыненне "Беларускі дом ва Украіне" мае да палка імя Каліноўскага? Чаму абвестка пра "недавер" з'явілася менавіта ў гэтым тг-канале? Справа ў тым, што вярхі БДУ шчыльна звязаныя з кіраўніцтвам палка імя Кастуся Каліноўскага. Камунікацыя адбываецца праз Радзівона Батуліна — у свой час сузаснавальніка БДУ, а цяпер і байца палка.

Звяртае на сябе ўвагу, што аўтары наезду не палічылі неабходным узяць каментары ні ў BYSOL, ні ў Prague Support Team. Між тым і тыя, і другія былі гатовыя даць любыя тлумачэнні па зборы.

"Не, хлопцы, так не працуе. Спачатку накінуць, а потым разбірацца — гэта дзіцячы садок, — адказвае кіраўнік Андрэй Стрыжак. — У чаце ёсць Кірыл Якімовіч [кіраўнік Prague Support Team. — Еўрарадыё], ён адкажа на пытанні па групе. Нашая пляцоўка адкрыта да любых верыфікаваных збораў".

"Як і большасць байцоў "Пагоні", атрад авіяразведкі падпісвае кантракты з УСУ і будзе служыць у складзе Першай асобнай брыгады спецпрызначэння імя Івана Багуна. Вельмі непрыемна назіраць за нападкамі на нашую працу і на працу нашых дыяспар і добраахвотнікаў", — у сваю чаргу каментуе Якімовіч.

"У нас ёсць канкрэтныя дамоўленасці з УСУ, мы вядзём навучанне па іхніх планах і з іхняй дапамогай, структура і рыштунак атрада ўзгоднены са спецыялістамі УСУ. Крыніцы, якімі карыстаецца БДУ, нам невядомыя", — дадае ён. А крыху пазней адказвае і чаму трэніроўкі праходзяць у Чэхіі, а не ва Украіне:

"Гэта дылетанцкае меркаванне, прабачце. У ЕС цяпер нашмат больш рэсурсаў і магчымасцяў для бяспечных і эфектыўных трэніровак, закупак тэхнікі і абсталявання. А баявое зладжванне праводзіцца ўжо зараз з дапамогай спецыяльнага праграмнага забеспячэння. Мы робім сваю справу добра і якасна, нам незразумела, адкуль ідуць нападкі на беларускія арганізацыі.

Па-ранейшаму чакаем выбачэнняў ад БДУ і рыхтуем сваю афіцыйную заяву".

"Пражскі камплект", які Prague Support Team збірае для беларускіх валанцёраў ва Украіне

BYSOL і Prague Support Team — вядомыя арганізацыі, якія з пачатку вайны ва Украіне аказалі істотную дапамогу ў тым ліку і беларускім добраахвотнікам. Напрыклад, PST забяспечвае байцоў так званымі "Пражскімі камплектамі" — неабходнай экіпіроўкай, якая дапамагае эфектыўна дзейнічаць на вайне, і ўвогуле выжыць. Чым выкліканы наезд на іх з боку не менш вядомых і паважаных каліноўцаў?

Справа ў тым, што ў кіраўніцтве палка імя Каліноўскага лічаць, што менавіта іх фармаванне ўвасабляе ўдзел беларусаў у абароне Украіны. Інакш кажучы, сродкі, экіпіроўка, аўтамабілі і ўсё іншае, што дыяспары збіраюць на карысць беларускіх валанцёраў, мусяць праходзіць праз каліноўцаў — і ніяк інакш.

Часам гэта даводзіцца да прадстаўнікоў дыяспар з пагрозамі, ва ўльтыматыўным парадку: маўляў, сабранае вамі вам не належыць, бо сабрана менавіта "пад полк імя Каліноўскага". Запіс адной з такіх размоваў ёсць у рэдакцыі Еўрарадыё.

А часам гэтая барацьба за фінансаванне, якую вядзе кіраўніцтва каліноўцаў, абарочваецца сілавымі канфліктамі. Як, напрыклад, было ў Адэсе, дзе дзейнічала яшчэ адно добраахвотнае беларускае фармаванне — атрад імя Іллі "Літвіна". 23 траўня каліноўцы прыехалі ў Адэсу і з гвалтам забралі ў "літвінаўцаў" два аўтамабілі і экіпіроўку, а таксама перахапілі кантроль над тэлеграм-каналам атрада.

Дарэчы, у стрыме на тг-канале Balaganoff, дзе каліноўцы тлумачылі, чаму і навошта ездзілі ў Адэсу, удзельнічаў якраз згаданы вышэй Радзівон Батулін. А разам з ім Дзяніс "Кіт", які нейкі час выконваў абавязкі камандзіра палка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі