Хлопец, які напаў на беларуску ў Варшаве, прызнаў сваю віну

15/04/2024 - 18:07

Дарыян С. / сацсеткі

23-гадовы Дарыян С., абвінавачаны па справе аб згвалтаванні і гібелі беларускі Лізы, прызнаў сваю віну. Пра гэта паведамляе "Белсат" са спасылкай на Варшаўскую акруговую пракуратуру. Яму пагражае ад 12 гадоў турмы да пажыццёвага зняволення.

"Падазраваны сазнаўся ва ўчыненні злачынства. Аднак што датычыць зместу ягоных тлумачэнняў, я не магу раскрыць больш падрабязна ягоную працэсуальную пазіцыю з увагі на інтарэсы следства", — кажа прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы Шыман Банна.

Паводле яго, сабраныя доказы дазваляюць не сумнявацца ў тым, што злачынства учыніў менавіта Дарыян С. Хлопец застаецца пад вартай. Цяпер следчыя чакаюць вынікі псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы.

Як распавядала Еўрарадыё, спярша маладога чалавека падазравалі ў замаху на забойства, спалучаным са згвалтаваннем і разбоем. Потым абвінавачанне змянілі на забойства на сексуальнай глебе.

Трагедыя адбылася 25 лютага. На 25-гадовую беларуску Лізу напалі ў цэнтры Варшавы. Пад пагрозай нажа нападнік згвалтаваў яе і паспрабаваў задушыць. Зламысніка затрымалі ў той жа дзень.

За жыццё дзяўчыны дактары змагаліся некалькі дзён, але 1 сакавіка Ліза памерла ў шпіталі. Праз два тыдні яе пахавалі на Паўночных могілках Варшавы. У польскай сталіцы прайшоў марш у памяць беларускі "Яе звалі Ліза".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі