"Хатнім хімікам" не змякчаюць пакаранне, калі ў іх малыя заробкі

06/03/2026 - 15:13

Міліцыянт, ілюстрацыйнае фота / mlyn.by

Не ўсім "хатнім хімікам", асуджаным паводле палітычных абвінавачанняў, прапаноўваюць змякчыць пакаранне і замяніць рэжым на папраўчыя работы. Такіх людзей адмаўляюцца пераводзіць на папраўчыя работы, калі ў іх нізкі заробак, заўважылі праваабаронцы з "Віцебскай Вясны".

Пра замену палітычным асуджаным "хатняй хіміі" на папраўчыя работы стала вядома ў лютым 2026-га. Пры такім рэжыме ў чалавека атрымліваецца менш асабістых абмежаванняў, але ён павінен адлічваць у бюджэт 10-25% свайго заробку. Для "палітычных", як адзначаюць праваабаронцы, дзейнічае максімальная стаўка — 25%.

Як адзначаюць у "Віцебскай вясне", міліцыянты патрабуюць ад асуджаных шукаць працу з высокім заробкам. Калі ж ён малы, у "палёгцы", прадугледжанай Крымінальна-выканаўчым кодэксам,  адмаўляюць.

Між тым, тая ж Віцебская вобласць далёка не чэмпіён па заробках. Акрамя таго летась на малых прыватных прадпрыемствах вобласці дзяржкантроль выявіў больш за 60 выпадкаў затрымкі заробкаў. Найгоршая сітуацыя — у Віцебску, Наваполацку, Оршы і Полацкім раёне.

"Калі раней галоўным стоп-сігналам быў прафулік і "экстрэмісцкі" статус, то цяпер дадаўся яшчэ і фінансавы бар'ер. Сістэма не проста хоча пакараць чалавека, яна хоча зрабіць гэта максімальна выгадна для сябе. Калі ты бедны — сядзі дома пад наглядам. Калі маеш грошы — дзяржава гатовая пагуляць у "гуманізм" за твой кошт", — каментуе сітуацыю праваабаронца Аляксандр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі