КДБ заявіў пра затрыманне "баевікоў", якія нібыта рыхтавалі тэракты на чыгунцы

11/09/2023 - 12:11

Вячаслаў Бародзій, якога КДБ называе "агентам СБУ" / Кадр з відэа

КДБ у панядзелак заявіў пра затрыманне "баевікоў" (удзельнікаў "трох баявых ячэек"), якія рыхтавалі тэракты на чыгунцы ў Беларусі. Сцвярджаецца, што яны "працавалі на Службу бяспекі Украіны". Па версіі дзяржбяспекі, "тэракты" рыхтаваліся ў Стаўбцоўскім і Талачынскім раёнах. Якраз на мінулым тыдні была неафіцыйная інфармацыя, што ноччу 4 верасня перакрывалі чыгуначны рух пад Талачыном (Віцебская вобласць), была чутна стральба з агнястрэльнай зброі. Цяпер жа сцвярджаецца, што "спробай падрыву чыгункі ў Талачынскім раёне кіраваў грамадзянін Украіны". Ён прыцягнуў двух беларусаў, у якіх "былі навыкі ў мінна-выбуховай справе" (цікава, як іх знайшоў?).

КДБ публікуе фотаздымкі з выбухоўкай і дэтанатарамі. Падкрэсліваецца, што здзейсніць "тэракты" не ўдалося. А арсенал (у ім ёсць яшчэ аўтаматы і дроны) нібыта нелегальна пераправіў праз мяжу згаданы ўкраінец. Яго затрымалі ў пачатку верасня ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці.

Чарговая гісторыя пра "тэрарыстаў" можа быць інсцэніроўкай ці нават правакацыяй. Тым больш, у Кіеве сёлета неаднаразова заяўлялі, што ў РБ рыхтуюцца правакацыі, у тым ліку і з удзелам вагнераўцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі