Карпянкоў вінен больш за 10 тысяч рублёў за камуналку? Фактчэк

18/03/2021 - 12:50
Мікалай Карпянкоў і яго дом / Еўрарадыё

Тэлеграм-канал Антона Матолькі апублікаваў жыроўку, аформленую на імя Ірыны Карпянковай — жонкі экс-начальніка ГУБАЗіК, а цяпер намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова. З дакумента вынікае, што сілавік павінен заплаціць больш за 10 тысяч рублёў. З іх 2,6 тысячы — запазычанасць, якая сфармавалася за мінулы перыяд, а 7,2 тысячы — пеня на 28 лютага.

Жыроўка на імя жонкі Карпянкова / тг-канал Антона Матолькі

У таварыстве ўласнікаў "Вясёлка-6", дзе зарэгістраваная кватэра жонкі Мікалая Карпянкова, нам факт запазычанасці не пацвярджаюць.

— У нас няма такіх запазычанасцяў. Я не ведаю, адкуль у вас такая інфармацыя. І звесткі жыхароў мы наогул не выдаём па запазычанасцях. Гэта канфідэнцыйная інфармацыя, — кажа старшыня таварыства.

Але калі ўвесці асабовы рахунак з жыроўкі, апублікаванай у тэлеграме, у сістэму АРІП, яна аўтаматычна выставіць суму да аплаты. Па нейкім супадзенні гэта сума — 10 055,13 рубля, як у жыроўцы. Імя і адрас плацельшчыка таксама супадаюць з апублікаванымі ў жыроўцы.

Дарэчы, аплаціць доўг сям'і Карпянковых або яго частку праз АРІП можа кожны чалавек. Ці скінуцца на намесніка міністра МУС тыя мільёны беларусаў, якіх, як ён сцвярджае, ён абараняе?

Скрыншот з сістэмы АРІП / Еўрарадыё

У сацсетках адразу ж пачалі жартаваць, што Мікалай Карпянкоў далучыўся да агучанай у першыя дні вулічных пратэстаў ініцыятывы не плаціць камуналку, каб скараціць магчымасці дзейных уладаў па фінансаванні сілавікоў. Гэта, вядома ж, не так. Але ў доме ёсць і іншыя жыхары з буйным доўгам у жыроўках. Напрыклад, нехта Максім Мікалаевіч Мірны, на якога аформлена адна з кватэр, завінаваціўся 1106 рублёў. Ёсць неаплачаныя рахункі на 4572 рубля, 1428 рублёў і г. д.

Пасля выбараў, калі некаторыя плацельшчыкі вырашылі ў знак пратэсту ігнараваць камуналку, у іх кватэрах электрычнасць і водазабеспячэнне адключалі ўжо пасля двух неаплачаных месяцаў. Невядома, ці ёсць святло і вада ў кватэры Карпянковых. Але сума доўгу такая, што можна выказаць здагадку, што яны не плацяць па жыроўцы гадамі.

Можа быць, жыхары таварыства "Вясёлка-6" разам аплачваюць нейкія дарагія паслугі або ўтрыманне дома абыходзіцца ў капеечку і такія даўгі для іх — гэта норма? Можа быць. Але мы праверылі: на большай частцы кватэр з гэтага дома даўгоў няма.

Стэлефанавацца з Ірынай Карпянковай і атрымаць тлумачэнне з першых вуснаў у Еўрарадыё не атрымалася: яе мабільны недаступны. Хатні тэлефон ніхто не падняў, але мы чулі доўгія гудкі — значыць, яго па меншай меры не адключылі за няўплату.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі