Пераважная большасць беларусаў не хоча вайны / pexels.com
Беларусаў аб'ядноўвае нежаданне вайны. Аднак такая кансалідацыя ня выяўляецца ў падтрымцы большасцю канкрэтнага лідара. Беларусы, хутчэй, закрыліся самі ў сабе са сваёй ідэяй. Такое меркаванне выказаў сацыёлаг Андрэй Вардамацкі ў "Банку ідэй".
Гэта відаць, калі параўноўваць настроі беларусаў з настроямі ўкраінцаў і расіян.
— У драматычныя перыяды гісторыі той ці іншай краіны ўзнікае з'ява, названая кансалідацыяй вакол сцяга, калі ў моманты смяротнай небяспекі, вайны або перад абліччам магчымасці страты суверэнітэту народ аб'ядноўваецца, гуртуецца, кансалідуецца вакол якой-небудзь выдатнай асобы — дзейнага прэзідэнта, лідара, харызматычнай асобы. Нават калі краіна не мае рацыі, то я ўсё роўна з ёй, за яе, падтрымліваю яе, таму што гэта мая краіна, — адзначае Вардамацкі.
Такі "сцяг" ва Украіне — Уладзімір Зяленскі. З канца 2021 года яго рэйтынг падымаецца і цяпер як ніколі высокі.
— Гэта абсалютна ўнікальная сітуацыя для рэйтынгавай дынамікі прэзідэнтаў Украіны. Усе пяцёра з іх, а менавіта Леанід Краўчук (1991–1994), Леанід Кучма (1994–2005), Віктар Юшчанка (2005–2010), Віктар Януковіч (2010–2014), Пётр Парашэнка (2014–2019) гарантавана і непазбежна, без адзінага выключэння мелі негатыўную рэйтынгавую дынаміку на момант завяршэння сваёй кадэнцыі. У некаторых гэта было драматычнае падзенне лічбы, падзенне велічыні рэйтынга да гранічна, зневажальна малых велічынь.
І Зяленскі тут — абсалютнае выключэнне, абумоўленае трагічнымі падзеямі. Велічыня, лічба яго рэйтынга пад канец лютага 2022 года — 91 адсотак — дазваляе ўпэўнена гаварыць пра аб'яднанне, кансалідацыю, наяўнасць кансалідацыі вакол персаніфікаванага сцяга. Сцяг ёсць, сцяг персаніфікаваны. Ідэя — барацьба з расійскай агрэсіяй — таксама ёсць.
У Расіі таксама назіраецца ўсплёск ухвалення палітыкі Пуціна.
— І тут у Расіі мы бачым сітуацыю, якая абсалютна аналагічная ўкраінскай. Персаніфікаваны сцяг ёсць. Кансалідацыя ёсць. Люстрана перавернутая адносна Украіны. Велічыня даверу дазваляе ўпэўнена гаварыць пра наяўнасць персаніфікаванага сцяга.
Большасць беларусаў аб'ядноўвае адказ на пытанне "Як Вы ставіцеся да магчымага ўводу беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны для ўдзелу ў ваенных дзеяннях?". 85,1% супраць. Гэта значыць, што агульная ідэя ёсць.
— Аднак ёсць адно "аднак". Велічыня рэйтынга афіцыйна дзейнага прэзідэнта не дазваляе гаварыць пра наяўнасць персаніфікаванага сцяга. Такім чынам, сітуацыя ў цяперашняй прымежна-ваеннай Беларусі характарызуецца формулай — кансалідацыя без сцяга.
Гэта ёсць маўклівы, загнаны ўнутр настрой думак, без калон і шэсцяў. Гэтая формула выказвае асноўную характарыстыку беларускай грамадскай думкі ў цяперашні момант, — рэзюмуе сацыёлаг.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут