Канцэрт Агуціна і сафары. Як і дзе адпачываюць прапагандысты і чыноўнікі

10/07/2024 - 17:27

Дзе адпачываюць праўладныя беларусы? / @rubanau_collage

Лета ў самым разгары, а гэта значыць, што ўсе сабраліся ў адпачынак. У тым ліку і рознага кшталту "ябацькі" — ад прапагандыстаў і праўладных артыстаў да чыноўнікаў і дзяржслужбоўцаў.

Еўрарадыё пагартала іх сацыяльныя сеткі і даведалася, як і дзе яны сёлета адпачываюць.

 

Кацярына Забянько без мужа (ужо былога?)

Вядоўца праграмы "Вялікі горад" і адна з самых вядомых персонаў СТВ 42-гадовая Кацярына Забянько, мяркуючы з акаўнту ў Instagram, у пачатку ліпеня разам з сынам правяла летні адпачынак у турэцкім Кемеры.

Кацярына Забянько ў Турцыі

Забянько напісала, што дзякуючы адной беларускай турфірме, якая арганізавала адпачынак, ёй "усё спадабалася". Дарэчы, у пачатку ліпеня "Комсомольская правда" пісала, што нядаўна Забянько развялася з мужам.

 

Ігар Тур у расійскай лодцы

Адзін з самых пазнавальных прапагандыстаў АНТ, 35-гадовы Ігар Тур свой адпачынак сёлета сумясціў з працай. Падчас чэрвеньскай камандзіроўкі ў Іркуцк Тур не прапусціў магчымасці паглядзець на возера Байкал і ацаніць мясцовыя прыгажосці на маторнай лодцы.

Ігар Тур на возеры Байкал

А ў траўні прапагандыст наведваў Баку. І нават пабываў у Нагорным Карабаху. Так сабе турызм, вядома.

 

Антон Малюта і Лідзія Заблоцкая ад Берліна да Санкт-Пецярбурга

Прадстаўніца Беларусі на дзіцячым Еўрабачанні 2011 года Лідзія Заблоцкая ўжо больш за шэсць гадоў працуе ў Белтэлерадыёкампаніі. У асноўным здымае сюжэты пра культуру.

Нядаўна Заблоцкая разам са сваім хлопцам — Антонам Малютам (таксама журналістам БТ) адпачывала ў Берліне — пісала пра тое, што "ўзяла" горад і рабіла публікацыі ў такім духу. Пасля ўвагі незалежных медыя яна закрыла свой Instagram-акаўнт.

Малюта з Заблоцкай у Піцеры і Берліне

Мяркуючы са старонкі Малюты, зусім нядаўна пара адправілася ў Санкт-Пецярбург на канцэрт Леаніда Агуціна. Заблоцкая на відэа кажа, што пад адну з песняў Антон хацеў зрабіць ёй прапанову. Але, мабыць, так і не зрабіў. Ці Агуцін гэтую песню проста не праспяваў?

 

Дзіяна Шыбкоўская на "Залатым кальцы"

Шыбкоўская прапагандыстка з "Мінскай праўды". Нядаўна выпусціла тэксты пра тое, чаму "беглым" нібыта дрэнна жывецца ў эміграцыі, і пра "біялабараторыі" ва Украіне. Актыўная прыхільніца "рускага свету".

Русафілка Дзіяна Шыбкоўская свае пасты падпісвае чамусьці на англійскай мове

І падарожнічаць Дзіяна любіць у Расію. Некалькі дзён таму Шыбковская апублікавала фотаздымкі з Масквы і Суздаля, рабіла здымкі на Волзе. Карацей, яна ў туры па "Залатым кальцы" Расіі.

 

Алег Гайдукевіч з тушонкай у намёце

Лідар беларускай ліберальна-дэмакратычнай партыі па замежжах сёлета не катаецца — адпачывае ў Беларусі. Апошняе, што палітык апублікаваў у сваім акаўнце, — гэта прагулка з сабакам.

Алег Гайдукевіч адпачывае ў Беларусі

А некалькі дзён таму ён наведваў дачку, якая займаецца ў спартыўным лагеры і жыве ў намёце. Гайдукевіч даў справаздачу, што падвёз ёй сродак ад камароў і, здаецца, некалькі слоікаў тушонкі.

 

Дар'я Рачко на Каўказе

21-гадовая прапагандыстка АТН Дар'я Рачко, нягледзячы на юны ўзрост, з'яўляецца аўтаркай і вядоўцай некалькіх палітычных праграм. У траўні Дар'я лётала адпачываць у Дагестан, і, мяркуючы з пастоў з Instagram, Каспійскае мора і мясцовая прырода ёй вельмі спадабаліся.

Дар'я Рачко адправілася на Каўказ

На шчасце для Рачко, яе паездка здарылася да гучных тэрактаў у гэтым рэгіёне.

 

Ірына Дарафеева ў далёкіх краях

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева гэтым летам, здаецца, яшчэ не адпачывала.

Ірына Дарафеева на беразе Індыйскага акіяна

Затое ўвесну праўладная спявачка пабывала на ўзбярэжжы Індыйскага акіяна. "Цёплы ласкавы акіян, пясок пад нагамі і вецер у валасах... Як жа я ўсё гэта люблю!.." пісала Дарафеева на сваёй старонцы ў Instagram.

 

Марыя Петрашко ў залатых пясках

Супрацоўніца Агенцтва тэлевізійных навін праславілася ў 2020 годзе, калі пачала весці на БТ сваю аўтарскую праграму. Падарожнічае Марыя амаль гэтак жа актыўна, як і працуе — у сакавіку гэтага года прапагандыстка разам са сваёй мамай адпачывала ў Дубаі.

Марыя Петрашко ездзіла ў Дубай

"Любая лакацыя набывае найлепшую афарбоўка, калі ты са сваімі блізкімі", — пісала Петрашко на сваёй асабістай старонцы. А леташні летні адпачынак Марыя правяла на Кубе.

 

Ксенія Лебедзева гуляе па мячэцях

Вядоўца БТ і аматарка інтэрв'ю з палітвязнямі Ксенія Лебедзева таксама стала вядомай у 2020 годзе. Скарыстаць летні адпачынак прапагандыстка яшчэ не паспела. Затое зімой з'ездзіла ў тур па мусульманскіх краінах.

Ксенія Лебедзева адпачывае ад "змагароў"

У прыватнасці, адправілася на сафары ў пустыню, адпачыла на пляжы ў Дубаі, прагулялася вуліцамі сталіцы Бахрэйна — Манамы — і зазірнула ў мячэць у катарскай Досе.
 

Юльяна Леановіч на аўдыенцыі ў Папы

Журналістка "СБ. Беларусь сёння" Юльяна Леановіч у асноўным піша пра культуру, але вядомая і камплементарнымі інтэрв'ю з прапагандыстамі. Напрыклад, з Маратам Маркавым і Аленай Сыровай. Яна любіць пытацца суразмоўцаў пра 2020 год і падкрэсліваць, як жа правільна тады павялі сябе ўлады.

Юльяна Леановіч і "рымскія вакацыі"

У сярэдзіне чэрвеня Леановіч здзейсніла падарожжа не куды-небудзь, а ў недружалюбную Беларусі краіну — Італію. Рым яна апісала як "край цудаў і антычнасці, піцы і апероля, крыкаў чаек і эталонна прыгожых людзей". А ад аўдыенцыі ў Папы Рымскага яна "засталася ў абсалютным захапленні". Ці ведаў Францішак I, каго прымае? Такія вось "рымскія вакацыі" прапагандысткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі