Кампанія нявесткі Лукашэнкі прапагандуе "белобатаў" — беларускіх трансформераў

20/09/2024 - 12:05

Белобат на навагодняй ялінцы / loshnitsa.rooborisov.by

Прадзюсарскі цэнтр Ганны Сялук, нявесткі Лукашэнкі, заняўся раскруткай "белобатаў" — беларускіх трансформераў, піша "Бюро".

Шоўмэйкеры з "Музычнай медыякампаніі" цяпер асвойваюць новую нішу — дзіцячыя святы. Сярод дзяцей і моладзі яны прапагандуюць беларускія трактары, грузавікі і самазвалы з дапамогай "белобатаў". Іх рэкламуюць у сацыяльных сетках і на карпаратыўных мерапрыемствах.

Прататыпамі для робатаў стала тэхніка гігантаў беларускага машынабудавання — МТЗ, МАЗа і БелАЗа. Напрыклад, робат з імем Базіс сімвалізуе дасягненні жодзінскага завода па вытворчасці самазвалаў.

Дзіва-тэхніку аб’ядналі пад брэндам "Каманда першых". Гандлёвая марка мае свой сайт і акаўнт у Інстаграме. Стваральнікі кажуць, што гэта "сучасны дзіцячы брэнд, які можа натхніць вучыцца і паспытаць сябе ў вынаходніцтве і дакладных навуках".

Пяць заявак на рэгістрацыю гандлёвых марак "Каманда першых" і "Белобаты" падала ў студзені "Музычная медыякампанія". Гэта прадзюсарскі цэнтр, дзе намесніцай дырэктара з'яўляецца Таццяна Кулакова — родная сястра Ганны Лукашэнкі (жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі).

"Музычная медыякампанія" належыць Палацу рэспублікі Упраўлення спраў Лукашэнкі (30%) і прыватнай кампаніі "АНСЛ прадакшн" (70%). Уласнікам "АНСЛ прадакшн" зарэгістраваны Андрэй Урублеўскі (95% акцый) — адзін з падначаленых Дзмітрыя Лукашэнкі. У "Бюро" мяркуюць, што Урублеўскі — толькі намінальны ўладальнік кампаніі, а рэальнай уласніцай з'яўляецца Ганна Лукашэнка (творчы псеўданім Ганна Сялук).На карысць гэтай версіі сведчыць тое, што абрэвіятура АНСЛ вельмі нагадвае ініцыялы жонкі сярэдняга сына Лукашэнкі — АНна (па-руску) Сяргееўна Лукашэнка.

Афіцыйная прэзентацыя "белобатаў" прайшла 1 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы ў межах дзіцячага свята "Разумнейшыя за ўсіх на свеце".

Але яшчэ раней ідэю з "белобатамі" ацаніў Аляксандр Лукашэнка. Гэтыя трансформеры былі ўдзельнікамі навагодняга святкавання на "Галоўнай ялінцы краіны", якую наведаў і Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі