Кампанія Cellebrite не будзе прадаваць Беларусі тэхналогіі па ўзломе мабільнікаў

19/03/2021 - 06:39

Ізраільская кампанія Cellebrite, якая выпускае для спецслужбаў праграмы па ўзломе мабільных тэлефонаў, спыняе продажы ў Беларусь і Расію, піша zona.media са спасылкай на ізраільскія СМІ.

Гендырэктар кампаніі Ёсі Карміл патлумачыў, што Cellebrite рэгулярна пераглядае і абнаўляе сваю палітыку, каб праца адбывалася ў адпаведнасці з агульнапрынятымі міжнароднымі правіламі і нормамі.

Супрацу з беларускімі сілавікамі кампанія Cellebrite раней не пацвярджала, але гэтая інфармацыя з'яўлялася на сайце дзяржзакупак.

Паведамляецца, што за тое, каб спыніць супрацу кампаніі з уладамі Беларусі і Расіі, выступаў юрыст і праваабаронца Эйтай Мак. Ён даўно спецыялізуецца на пошуках неправамернага выкарыстання ізраільскіх тэхналогій за мяжой. Мак звяртаў увагу, што ў Расіі пераследуюць апазіцыянераў, ЛГБТ-актывістаў і прадстаўнікоў этнічных меншасцяў. Апошняй кропляй стала справа апазіцыянеркі Любові Собаль: расійскія ўлады выкарысталі распрацоўкі Cellebrite, каб атрымаць доступ да змесціва яе тэлефонаў.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі