Кампанія "АйПаўэр" спадзяецца ўсё ж запусціць акумулятарны завод пад Брэстам

24/07/2019 - 15:59

ТАА "АйПауэр" патлумачыла, чаму акумулятарны завод пад Брэстам зноў не прайшоў дзяржаўную экалагічную экспертызу, піша TUT.by.

Дзяржаўная камісія вынесла адмоўнае рашэнне ў частцы ўнясення зменаў, звязаных з пераразмеркаваннем паказчыкаў на крыніцах выкідаў. Пры гэтым на прадпрыемстве кажуць, што агульны заяўлены ў праекце аб'ём выкідаў не мяняўся.

Кампанія падала няпоўныя вынікі вымярэнняў рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю, які правяраў, ці адпавядаюць фактычныя вынікі выкідаў праектным параметрам. Гэта і стала асноўнай прычынай адмоўнага рашэння.

На "АйПаўэр" плануюць аднавіць працэс атрымання станоўчага экалагічнага заключэння пасля атрымання ўсіх пратаколаў.

Праціўнікі будаўніцтва завода змагаюцца супраць яго ўжо паўтара года, бо лічаць яго экалагічна небяспечным прадпрыемствам. Кожныя выходныя яны ладзяць акцыі пратэсту.

14 чэрвеня старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс выдаў загад аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода "да ліквідацыі выяўленых парушэнняў". 

2 ліпеня стала вядома, што Генпракуратура па даручэнні кіраўніка дзяржавы пачала праверку па сітуацыі з будаўніцтвам і ўвядзеннем у эксплуатацыю акумулятарнага завода ў Брэсце. КДБ пачаў крымінальныя справы за хабар на кіраўніка ТАА "ПАК-кіраванне" Віктара Лемяшэўскага, галоўнага бухгалтара ТАА "Белінвестгандаль-Сплаў" Святлану Лемяшэўскую, экс-дырэктара ТАА "Белінвестгандаль-Сплаў" Сяргея Ахрэмчука, намесніка дырэктара ТАА "Белінвестгандаль-Сплаў" Івана Пакіслюка. 1 ліпеня іх узялі пад варту. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі