"Калі Пуцін возьме Украіну, што будзе з Беларуссю?" — Байдэн

28/06/2024 - 06:39

Джо Байдэн / Reuters

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн згадаў Беларусь падчас перадвыбарных дэбатаў з Дональдам Трампам. Цяперашні прэзідэнт ЗША лічыць, што Расія паглыне нашу краіну, калі пераможа ў вайне супраць Украіны. "Калі Пуцін возьме Украіну, што будзе з Беларуссю? І з усімі гэтымі краінамі НАТА?" заявіў Байдэн. Трамп са свайго боку назваў непрымальнымі прапановы Пуціна па ўрэгуляванні ваеннага канфлікту ва Украіне. Нагадаем, адной з умоў спынення вайны расійскі прэзідэнт назваў тое, што Украіна павінна "прыняць новыя тэрытарыяльныя рэаліі" гэта значыць прызнаць акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі Крым, Данецкую, Луганскую, Херсонскую і Запарожскую вобласці "суб'ектамі Расійскай Федэрацыі".

У цэлым прозвішча Пуціна падчас дэбатаў прагучала каля тузіна разоў. Байдэн і Трамп неаднаразова на яго спасылаліся, калі хацелі паказаць, хто больш жорсткі ў замежнай палітыцы, піша Reuters.

"Калі б у нас быў сапраўдны прэзідэнт, прэзідэнт, якога… Пуцін паважаў, ён бы ніколі не ўварваўся ва Украіну", – сказаў Трамп пра Байдэн. "Давайце, дазвольце Пуціну ўвайсці і ўзяць пад кантроль Украіну, а затым займіцеся Польшчай і іншымі месцамі. Паглядзіце, што будзе далей. Ён паняцця не мае, пра што, чорт вазьмі, гаворыць", — у сваю чаргу заявіў Байдэн аб Трампе.

Дадамо, што перадвыбарныя тэледэбаты Байдэна і Трампа прайшлі ў Атланце (штат Джорджыя). Іх арганізавала тэлекампанія CNN. У студыі ўпершыню не было гледачоў. Удзельнікі дэбатаў рэгулярна абвінавачвалі адзін аднаго ў хлусні і нападалі адзін на аднаго. Джо Байдэн у адзін з момантаў, абмяркоўваючы стаўленне Трампа да вайскоўцаў і ветэранаў, назваў былога прэзідэнта няўдачнікам. Трамп заявіў, што Байдэн горшы прэзідэнт у гісторыі. Паводле экспрэс-апытання выбаршчыкаў, які правяла CNN, Трамп безумоўна перамог у гэтых дэбатах. Так лічаць 67% апытаных. 33% адказалі, што выйграў Байдэн.

Дэбаты Джо Байдэна і Дональда Трампа / тут і далей фота Reuters

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі