Выпрабаванне сістэмы пажаратушэння на аўтобусе МАЗ / МАЗ
Мінскі аўтазавод (МАЗ) працягвае змагацца з загараннямі аўтобусаў. Ад 2022 года па цяперашні час ў СМІ не менш за 53 разы паведамлялася пра самазагаранні аўтобусаў. Пра тое, як прадпрыемства вырашае праблему, Беларускі маніторынгава-аналітычны цэнтр BELPOL даведаўся з унутранай дакументацыі.
Прычынамі самазагарання раней называліся змены ў канструкцыі аўтобусаў. У выніку санкцый замест запраектаваных рухавікоў "Mersedes" на заводзе пачалі ставіць кітайскія "Weichai". Да гэтага дадаўся няякасны мантаж электраабсталявання.
Замест змены канструкцыі на МАЗе вырашылі ставіць на аўтобусы прыладу для аўтаматычнай сістэмы пажаратушэння транспартных сродкаў "УАСПТТ 27-4-2", якую вырабляе ТАА "Авангардспецмантажплюс". У BELPOL на відэазапісе выпрабавання прылады звярнулі асаблівую ўвагу на швабру, якая ўтрымлівае ў адкрытым стане крышку маторнага адсека аўтобуса.
Таксама ў BELPOL адзначаюць, што новая сістэма мае тэхнічную пераемнасць з аўтаматыкай сямейства УКА 12.5, якая ўжывалася ў сістэмах пажаратушэння падобнага тыпу і раней. А на аўтобусах, якія пастаўляюцца ў Расію, па патрабаванні заказчыка будзе па-ранейшаму стаяць расійская сістэма пажаратушэння "Эпатос", якая раней паказала сваю неэфектыўнасць.
Так што забыцца пра пажары на МАЗах наўрад ці ўдасца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут