Італьянцы просяць ЕС дапамагчы беларускім сіротам прыляцець на аздараўленне

16/06/2021 - 13:49
Другі год беларускія сіроты не могуць прыехаць на аздараўленне ў Італію / Escape magazine

Італьянка Мара Банасі з Лігурыі сёлета чакала ў госці дзвюх дзяўчатак-сірот з Беларусі. Яны ўжо гасцявалі ў сям'і Мары. Але другі год ёй застаецца толькі пераглядаць фатаграфіі.

Летась беларускі не змаглі прыехаць у госці праз пандэмію. Сёлета — праз "паветраныя санкцыі".

 

Праз пандэмію сірата застаецца сіратой

Каля 7,5 тысячы дзяцей-сірот з Беларусі прылятаюць у Італію штогод. Чатыры месяцы яны жывуць у мясцовых сем'ях. А часам застаюцца там на ўсё жыццё. Часовыя сем'і афармляюць дакументы на ўсынаўленне.

У юрысткі з правінцыі Салерна, 45-гадовай Стафаніі Апасталіка, трое дзяцей: італьянкі Валерыя і Сімона і беларус Мацвей. Калі Мацвей упершыню прыехаў у дом Стафаніі, яму было сем гадоў. Тады ён нават не ведаў, што такое абдымкі.

— Потым, гуляючы з маімі дзецьмі, ён растаў, — расказвае Стафанія ў інтэрв'ю італьянскаму выданню Riformista.

Калі яна захварэла, Мацвей надумаў паклапаціцца пра Стафанію. Знайшоў у халадзільніку яйка, прынёс і сказаў: "З'еш, матуля". Слова "матуля" Стафанія тады пачула ад яго ўпершыню.

Так беларускія дзеці радуюцца прылёту ў Італію / фота мае ілюстрацыйны характар

Спярша Мацвей прыязджаў у госці да Стафаніі па праграме на чатыры месяцы. А потым сям'я яго ўсынавіла. Але фармальна стаць сапраўднай сям'ёй Стафанія і Мацвей пакуль не паспелі — праз пандэмію. Італьянская сям'я не бачыла свайго беларускага сына з 2019 года.

Сябры дабрачыннай асацыяцыі "Пуэр" некалькі месяцаў змагаліся за тое, каб гэтым летам беларускія сіроты маглі зноў пабываць у Італіі. Былі задзейнічаныя ўсе — ад Міністэрства аховы здароўя да дыпламатаў, піша мясцовае італьянскае выданне.

А потым у Беларусі пасадзілі борт Ryanair — і паездкі зноў сарваліся.

 

"Яны былі за крок ад таго, каб абняць сваіх італьянскіх бацькоў"

З італьянскага боку ўдзел у праграме прымаюць 4,2 тысячы сем'яў па ўсёй краіне. У пачатку траўня італьянскае выданне Riformista пісала, як яны чакаюць магчымасці абняць беларускіх дзяцей, з якімі іх разлучыла пандэмія.

Праз паўтара тыдня пасля той публікацыі ў Беларусі пасадзяць самалёт Ryanair, а Еўропа ўвядзе санкцыі.

Еўрапейскім кампаніям парэкамендуюць не лётаць ні ў Беларусь, ні над Беларуссю. Рэйсы беларускай "Белавія" забароняць. А тое самае італьянскае выданне напіша новы артыкул: "Санкцыі не даюць "дзецям Чарнобыля" абняць сваіх італьянскіх бацькоў".

Пасля прызямлення ў Мінску самалёта Ryanair у дзяцей стала яшчэ менш шанцаў на італьянскае лета

— Я гляджу на фатаграфіі сваіх шчаслівых і бесклапотных дзяўчатак, зробленыя летам тут, у Італіі. Іх шчаслівыя твары напаўняюць маё сэрца радасцю, кажа Мара ў інтэрв'ю мясцоваму выданню. — Чаму няўдача ўжо каторы раз такая бязлітасная да гэтых дзяцей?

Дзеці цяжка перажываюць разлуку са сваімі італьянскімі сем'ямі. Мара, якая чакае ў госці двух беларусак, кажа, што яны толькі і робяць, што пытаюцца: мы зможам гэтым летам вярнуцца ў Італію?

— Мы стэлефаноўваемся па відэасувязі і бачым, што яны плачуць. Гэта прымушае нас адчуваць сябе жахліва. Гэта прымушае нас адчуваць сябе бездапаможнымі.

 

Пакуль што бачыцца са сваімі італьянскімі сем'ямі дзеці могуць толькі анлайн / webmeetings.ru

У калектыўным лісце да прэзідэнта Еўрапарламента Давіда Сасолі італьянцы папрасілі арганізаваць пералёты з Беларусі для дзяцей з дзіцячых дамоў.

— У мяне ёсць выразнае адчуванне, што нешта яшчэ можна зрабіць, — кажа Мара, якая ўсё яшчэ чакае ў госці дзвюх дзяўчатак-сірот з Беларусі. — І цяпер у нас больш няма часу. Нам патрэбна эфектыўная і хуткая дапамога, каб вярнуць гэтым дзецям надзею і ўсмешку.

Усяго з 1992 года італьянская дабрачынная асацыяцыя "Пуэр" дапамагла 80 тысячам непаўналетніх хлопцаў і дзяўчат з Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі