Месца падзення ўкраінскага самалёта / Reuters
Іран прызнаў, што збіў пасажырскі самалёт. Іранскія вайскоўцы "ненаўмысна" збілі самалёт ўкраінскага авіяперавозчыка МАУ, у выніку чаго загінулі ўсе 176 чалавек на борце. Прэзідэнт Ірана Хасан Рухані расказаў пра гэта ў сваім твітэры:
"Унутранае расследаванне Узброеных сіл прыйшло да высновы, што, на жаль, ракеты, выпушчаныя з-за чалавечай памылкі, прывялі да жудаснай катастрофы ўкраінскага самалёта і гібелі 176 нявінных людзей".
Інцыдэнт адбыўся пасля таго, як самалёт праляцеў побач з ваеннай базай, якая належыць іранскай Рэвалюцыйнай гвардыі. Самалёт быў памылкова прыняты за "варожую цэль".
Міністр замежных спраў Ірана Джавад Зарыф у сваім твітэры напісаў, што гэта "чалавечая памылка":
"Сумны дзень. Папярэднія высновы ўнутранага расследавання Узброеных сіл: чалавечая памылка падчас крызісу, выкліканага авантурызмам ЗША, прывяла да катастрофы. Мы глыбока шкадуем, прыносім прабачэнні і спачуванні нашаму народу, сем'ям ўсіх ахвяраў і іншым пацярпелым краінам".
Іран раней абвяргаў здагадкі аб тым, што адна з яго ракет збіла самалёт у наваколлі Тэгерана ў сераду, 8 студзеня. Вылет самалёта PS752 "Украінскіх міжнародных авіяліній", у выніку якога загінула 176 чалавек, адбыўся праз некалькі гадзін пасля таго як Іран нанёс ракетныя ўдары па двух амерыканскім авіябазах у Іраку. Украінскі самалёт рухнуў каля аэрапорта Імама Хамейні неўзабаве пасля ўзлёту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.