Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У адной краіне заняліся пераасэнсаваннем каланіялізму — і не ў той, пра якую вы падумалі. А ў іншай мядзведзі панадзіліся хадзіць у госці да чалавека, есці яго ежу і гуляць з яго катамі — і зноў не ў той.
Кароль Нідэрландаў Вілем-Аляксандр папрасіў выбачэння за датычнасць краіны да рабства, піша CNN. Гэтыя выбачэнні пацярпелым народам ён прынёс падчас цырымоніі, прысвечанай 160-годдзю адмены рабства ў Нідэрландах.
"У гэты дзень, калі мы згадваем галандскую гісторыю рабства, я прашу выбачэння за гэтае злачынства супраць чалавецтва", — сказаў кароль, стоячы ля помніка рабству ў Амстэрдаме.
І прызнаў: не ўсе галандцы падзяляюць яго пачуцці і будуць салідарныя з гэтай прамовай. Таму што расізм у грамадстве ўсё яшчэ застаецца праблемай. Зрэшты, тысячы гледачоў, якія слухалі яго прамову, сустрэлі яе апладысментамі.
Нідэрланды цяпер пераглядаюць сваё каланіяльнае мінулае. Напрыклад, калі кароль быў у Інданэзіі, ён папрасіў выбачэння за "празмерны гвалт" падчас галандскага каланіяльнага праўлення там. А нядаўна прэм'ер-міністр Марк Рутэ прызнаў, што яго краіна нясе адказнасць за гандаль рабамі — таму што атрымлівала ад яго выгаду.
А яшчэ Нідэрланды вернуць Інданезіі і Шры-Ланцы сотні каштоўных артэфактаў, вывезеных у часы каланіялізму, расказвае ВВС.
"Мы ўпершыню вяртаем прадметы, якія не мусілі апынуцца ў Нідэрландах", — сказаў міністр культуры краіны.
І галандцы не першыя ў Еўропе, хто просіць выбачэння за каланіялізм. Брытанія і Германія таксама пачалі вяртаць культурныя артэфакты туды, адкуль іх забіралі.
Увогуле, калі надзея на людзей знікае, можна спадзявацца на будучыя пакаленні. Вырастуць, зразумеюць, пераасэнсуюць.
Турыст, які надрапаў на сцяне Калізея памятнае "Айван + Хэйлі 23" таксама пераасэнсаваў свае паводзіны.
Вы ўжо ў Threads? І мы таксама! Падпішамся?
Адгадайце, пра якую краіну размова: мядзведзіца з медзведзянятамі шосты год запар наведваецца да жыхароў аднаго і таго ж горада. Вось жа і не адгадалі — гэта гісторыя з амерыканскага штата Канэктыкут.
Некаторыя мясцовыя жыхары кажуць, што іх суседзі баяцца мядзведзіцу менш, чым было б трэба. А іншыя адказваюць, што лічаць яе часткай супольнасці, расказвае Mirror.
"Ва ўсіх нас розныя стасункі з гэтай мядзведзіцай. Яна прыходзіць да мяне ў гараж па ежу, а ў суседзяў проста сядзіць на ганку з іх катом", — кажа адзін мясцовы жыхар.
"Яна купалася ў маім басейне", — выхваляецца другі.
Калі вашыя адносіны з суседзямі не нагадваюць гэтыя — што ж, можа, вам проста трэба завесці басейн.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут