Арганізацыя выступіла з новай заявай на фоне байкоту краін і адыходу спонсараў / Reuters
Міжнародная федэрацыя хакею (IIHF) заявіла, што па-ранейшаму не згодная з рашэннем Спартыўнага арбітражнага суда (CAS) аб дапуску Расіі і працягне сачыць за развіццём падзей. Заява апублікавана 4 лістапада 2026 года пасля нядаўняга пасяджэння Савета федэрацыі.
Сустрэча прайшла на фоне байкоту шасці краін, якія адмовіліся гуляць з Расіяй на чэмпіянаце свету ў 2027 годзе, і адыходу трох найбуйнейшых спонсараў.
У IIHF паведамілі, што ведаюць пра нядаўнія заявы ключавых зацікаўленых бакоў і аналізуюць сцэнары вакол пастановы CAS. Паводле дадзеных федэрацыі, неадкладная рэінтэграцыя расійскіх каманд стварае значныя практычныя і спартыўныя праблемы.
Сярод іх названы візавыя і ўязныя патрабаванні, забеспячэнне бяспекі, лагістычныя абмежаванні і наступствы для фарматаў спаборніцтваў. Сітуацыю, як гаворыцца ў заяве, ускладняе абмежаваны запас часу: да некаторых мерапрыемстваў застаюцца лічаныя тыдні.
"Глабальны ўплыў рашэння, прынятага калегіяй CAS, і праблемы, якія яно стварае для ўсіх удзельных бакоў, былі значна недаацэнены", — гаворыцца ў паведамленні IIHF.
Савет федэрацыі працягвае дыялог з нацыянальнымі асацыяцыямі-членамі, арганізацыйнымі камітэтамі, уладамі краін-гаспадароў і іншымі зацікаўленымі бакамі, каб вызначыць далейшыя крокі.
Галоўнымі прыярытэтамі ў IIHF назвалі бяспеку ўсіх удзельнікаў, каманд, афіцыйных асоб і балельшчыкаў, бесперабойнае правядзенне чэмпіянатаў і сумленнасць спаборніцтваў. Дадатковая інфармацыя, як паведамляе федэрацыя, будзе прадстаўлена ў бліжэйшыя дні.
Нагадаем, 30 кастрычніка CAS абавязаў IIHF забяспечыць Расіі магчымасць удзелу ў чэмпіянаце свету 2027 года, які пройдзе ў Германіі. Пасля гэтага зборныя Фінляндыі, Нарвегіі, Даніі і Швецыі заявілі, што не будуць гуляць супраць Расіі. Латвія паведаміла, што яе пазіцыя аб неўдзеле ў матчах з расійскай і беларускай камандамі не змянілася. Да іх далучылася Аўстрыя і Чэхія.
Канада, якая прыме маладзёжны чэмпіянат па хакеі, заявіла, што не дасць візы расійскім хакеістам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут