Шэсць гульцоў харвацкага гандбольнага клуба "Заграб" былі шпіталізаваны зранку 7 верасня ў Брэсце з прыкметамі моцнага харчовага атручвання.
Напярэдадні чэмпіёны Харватыі выйгралі ў Брэсцкага гандбольнага клуба імя Мяшкова ў SEHA-лізе з лікам 24:21.
Як паведамляе "Віртуальны Брэст", замежныя спартоўцы засталіся начаваць у брэсцкім гатэлі "Беларусь". Адлёт каманды дадому быў запланаваны на сёння.
Вячэралі харваты ў рэстаране гатэля, дзе спыніліся. У выніку шасцёра з іх звярнуліся па медыцынскую дапамогу. Іх шпіталізавалі ў Брэсцкую абласную лякарню.
Цяпер у рэстаране працуе санстанцыя. Кіраўніцтва ўстановы, аднак, упэўненае, што ў іх з ежай усё было ў парадку, а гандбалісты атруціліся пазней. Раней такіх інцыдэнтаў тут не было.
Фота: БЕЛТА