Гурт Dzieciuki не выступіць на LidBeer нібыта праз накрутку галасоў

28/08/2017 - 16:52

Гродзенскі гурт Dzieciuki не сыграе на малой сцэне фестывалю LidBeer, які адбудзецца ў Лідзе 9 верасня. "Дзецюкі", якія былі фаварытамі народнага галасавання на сайце фэсту, а таксама яшчэ чатыры гурты, дыскваліфікавалі нібыта за накрутку галасоў.

"Пяць дастаткова паважаных гуртоў у беларускай музычнай сферы вылятаюць за накруткі", — тлумачаць арганізатары LidBeer.

Лідар "Дзецюкоў" Алесь Дзянісаў шкадуе, што гурт увогуле "увязаўся" у гэтую гісторыю:

"Мы ўпершыню ўдзельнічалі ў падобных галасаванках, і гэта страшэнная наша памылка. Атрымліваецца, што ты мусіш апраўдвацца ў тым, чаго ты не рабіў. У мяне няма ніякіх доказаў ні таго, што была там накрутка, ці не было, можна там нехта адмыслова накруціў, каб нас не пусцілі, можа ім патэлефанавалі з КДБ. Я не магу нічога сцвярджаць. Але арганізатары таксама не могуць даказаць, што мы накручвалі. Пакажыце мне, дакажыце".

Нагадаем, гурт Dzieciuki трапіў пад негалосную забарону ў Беларусі. Апошні дазволены канцэрт музыкаў адбыўся ў Мінску ў лютым 2016 года падчас уручэння музычнай прэміі “Даём рады”. Усе астатнія спробы атрымаць гастрольнае пасведчанне заканчваліся адмовамі. Не атрымалася правесці і сольны канцэрт Алеся Дзянісава. Мінгарвыканкам лічыць, што яго музыка, напісаная на вершы Алеся Чобата, мае нізкую мастацкую вартасць.

Dzieciuki упэўнена лідзіравалі ў галасаванні. Алесь Дзянісаў ужо складаў трэк-ліст канцэрта. Аднак у выніку на малой сцэне выступяць "Чувства полёта", Кitchen staff only, "Коктейль Шаляпина", "Мутнаевока", Tempo.by і "На один день". Хэдлайнерамі LidBeer стануць "Петля Пристрастия", "Крамбамбуля", Lumen i "Акіян Эльзы".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі