Гомельскім праваабаронцам запрасілі па тры і два з паловай гады калоніі

13/10/2021 - 20:20

На судзе над гомельскіім праваабаронцамі пракуроры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў запрасілі пакаранне. Для праваабаронцы Леаніда Судаленкі і валанцёркі Таццяны Ласіцы — па тры гады пазбаўлення волі, для валанцёркі Марыі Тарасенка — два з паловай гады калоніі, піша праваабарончы сайт "Вясна". 

Працэс над праваабаронцамі ідзе з 3 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля. Тарасенка знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, а Судаленка і Ласіца — пад вартай з 18 і 21 студзеня адпаведна. 

Усіх іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, (ч. 1 арт. 342 КК) і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). 

Агулам па крымінальнай справе было дапытана каля 200 чалавек. На судзе быў дапытаны 61 чалавек. Гэта пераважна былі людзі, якія звярталіся да Судаленкі па прававую дапамогу.

"Усе сведкі ў судзе сказалі праўду, і гэта галоўнае. Прыемна чуць, як людзі, якія прыходзяць у суд па позвах, кажуць “дзякуй”, звяртаючыся да мяне ў клетку. І гэта нягледзячы на заўвагі суда", — падкрэслівае Судаленка.

У сваіх лістах гомельскі праваабаронца расказаў, у чым яго вінавацяць:

— прывёз дровы дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за "беспарадкі”;

— зняўся на відэа-канале "Рудабельская паказуха", дзе тлумачыў блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;

— заклікаў у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомеля Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак;

— прваодзіў семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;

— аплачваў штрафы, пошліны за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі