Гомельскі суд арыштаваў расіяніна, які ваяваў супраць Украіны

19/04/2024 - 13:09

Анатоль Ціханаў / старонка "Вконтакте"

17 красавіка суд Чыгуначнага раёна Гомеля разглядаў крымінальную справу расіяніна Анатоля Ціханава, якога вінавацілі ў парушэнні тэрміну забароны на ўезд у Беларусь. Як піша "Флагшток", абвінавачанага арыштавалі.

Праўда, цяпер невядома, які тэрмін прысудзілі Ціханаву. Але, паводле інфармацыі яго знаёмага, з улікам папярэдняга ўтрымання пад вартай яго вызваляць да пачатку траўня 2024 года.

Пасля гэтага блізкія Ціханава чакаюць яго новай дэпартацыі з Беларусі.

Як распавядала Еўрарадыё, сам Ціханаў родам з Расіі, але жыў і працаваў у Гомелі, дзе атрымаў від на жыхарства. Мужчына займаўся паўэрліфтынгам, быў кандыдатам у майстры спорту. Апошнім часам працаваў на прадпрыемстве "Салеа-Гомель".

У 2018 годзе Ціханава асудзілі на 15,5 года калоніі за продаж асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў — у складзе арганізаванай групы. Пакаранне расіянін адбываў у калоніі "Віцьба". Потым яго як грамадзяніна Расіі перадалі для адбыцця пакарання на радзіму, а адтуль ён адправіўся на вайну супраць Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі