Гомелец паскардзіўся на зграі бяздомных сабак на чыгуначных станцыях

06/10/2026 - 09:59

Сабака, ілюстрацыйнае фота   / pexels.com

Са скаргай на чыгуначныя станцыі на адрэзку ад Рэчыцы да Гомеля звярнуўся жыхар абласнога цэнтра. Мужчына заявіў пра беспарадак і бяздомных сабак на прыпыначных пунктах "Чыжоўка", "Якімаўка", "Шчэрбаўка", "Прыбар" і "Цэнтраліт", піша "Гомельская праўда".

Мужчына заявіў, што на станцыях бяздомныя сабакі кідаюцца і брэшуць на пасажыраў. А таксама ляжаць на перонах, у будынках прыпыначных пунктаў, ладзяць логавы пад перонамі і ў паласе адводу. Таксама гомелец звярнуў увагу, што на станцыях пакідаюць міскі з вадой і ежай для сабак, а тая ежа гніе і смярдзіць.

У Гомельскім аддзяленні БЧ заявілі, што адказ на гэты зварот давалі яшчэ ў красавіку. Чыгуначнікі падкрэслілі, што яны не займаюцца адловам бадзяжных жывёлаў. Тым не менш арганізацыя правяла службовае расследаванне — і місак нідзе не выявіла.

Таксама чыгуначнікі заяўляюць, што павесілі на станцыях абвесткі пра забарону кармлення сабак. А ў сельвыканкамы, службу 115 і міліцыю накіравалі звароты для арганізацыі адлову.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі