"Гэта прысуд усім беларусам" — Ціханоўская пра 13 гадоў калоніі Белавусу

11/05/2023 - 14:22
Павел Белавус / sb.by

Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд палітвязню, стваральніку Symbal.by Паўлу Белавусу, агучаны ў чацвер у Мінску — 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. "Гэта прысуд не толькі Паўлу — гэта прысуд усім беларусам, якія мараць пра сапраўдную беларускую Беларусь, — піша Ціханоўская. — Краіну, дзе ведаюць сваю гісторыю, шануюць свае традыцыі, маюць нацыянальную годнасць, карыстаюцца роднай мовай. Усё гэта цяпер з’яўляецца для рэжыма "экстрэмізмам".

Палітык падкрэслівае, што "людзі, якія ахвотна прымуць страту незалежнасці і далучэнне Беларусі да Расіі, вынеслі прысуд чалавеку, для якога Беларусь перадусім". Павел Белавус "больш за 10 гадоў развіваў праекты ў сферы беларускай культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці", нагадвае Святлана Ціханоўская.

У Белавуса на волі засталася жонка Кацярына і двое маленькіх дзяцей. У іх канфіскавалі машыны, нават частку бытавой тэхнікі, а пасля прысуду "могуць апісаць і канфіскаваць абсалютна ўсё ў доме — ад кававаркі да мікрахвалёўкі". Ціханоўская заклікае падтрымаць Паўла Белавуса і яго сям’ю. 

Белавус — заснавальнік мінскай крамы Symbal.by, у якой прадаваліся вопратка і сувеніры з нацыянальнай сімволікай (у 2020-м закрылася пад ціскам уладаў). За кратамі ён знаходзіцца з лістапада 2021-га. Накладзены арышт на маёмасць Паўла Белавуса на агульную суму больш за 50 тысяч рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі