Сяргей Ціханоўскі падчас прэс-канферэнцыі пасля вызвалення, лета 2025 года / В. Раупялиса / LRT
Блогер Сяргей Ціханоўскі паскардзіўся, што пасля вызвалення так і не змог далячыць зубы. Пра гэта ён распавёў падчас пяцігадзіннага стрыма на сваім ютуб-канале “Краіна для жыцця”.
Журналіст Еўрарадыё высветліў, у чым можа быць праблема.
Пра праблемы з зубамі Сяргей Ціханоўскі распавёў у сярэдзіне стрыма, прысвечанага гадавіне сустрэчы Лукашэнкі з палітзняволенымі ў СІЗА КДБ, якая адбылася 10 кастрычніка 2020 года. На сустрэчы быў і сам Сяргей.
Блогер распавёў, што прадстаўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” паведаміў яму пра закрыццё яго асабістай медыцынскай праграмы дапамогі пасля вызвалення праз тое, што рэсурсаў не хапае і прыярытэт аддаецца іншым вызваленым.
“Уяўляеце? То-бок мяне ўжо не толькі топяць, але і медыцынскую дапамогу ўсю абрэзалі. Я ж не скончыў лячэнне, бо з’ехаў летась, у снежні [у ЗША]”, — падсумаваў Ціханоўскі.
Запыт Еўрарадыё інфармацыйная служба “Вясны” адмовілася каментаваць.
“На жаль, з мэтай бяспекі мы не каментуем публічна аказанне дапамогі і яе памеры. Дзякуй за разуменне”, — адзначылі прадстаўнікі “Вясны”.
У ініцыятыве “Вольныя” распавялі, што лячэнне зубоў палітвязняў не ўваходзіць у іх медыцынскую праграму.
“Таму мы не можам агучваць памер аказанай дапамогі. Мы каардынуемся з калегамі і можам пацвердзіць, што Сяргею Ціханоўскаму медыцынская дапамога была аказана”, — дадала прадстаўніца ініцыятывы.
Некалькі крыніц Еўрарадыё ў праваабарончых колах на ўмовах ананімнасці таксама пацвердзілі, што пасля вызвалення Сяргей “атрымаў усю патрэбную дапамогу ад розных арганізацый і ў адпаведных памерах”.
Іншая крыніца таксама выказала думку, што ў кожнай праграмы палітвязняў ёсць свае ўмовы і абмежаванні — ліміты сродкаў і тэрміны аказання дапамогі.
“Усё залежыць ад донара дапамогі, якія ім выстаўлены ўмовы. Таму што, калі чалавек выйшаў з турмы, а потым прыйшоў праз два-тры гады на лячэнне, цяжка вызначыць, што менавіта пасля турмы сапсавалася ў арганізме больш за ўсё.
Ва ўсіх кейсах, якія вось так, як у Ціханоўскага, выскокваюць, па-добраму трэба браць выпадак і ўсё разбіраць: наколькі аказалі дапамогу, што лячылі, якія былі дамоўленасці з кейс-менеджарам”, — адзначыла крыніца.
Дапамога праваабарончых фондаў — не адзіная крыніца, якой Сяргей Ціханоўскі скарыстаўся, каб аднавіць здароўе. Таксама былы палітвязень збіраў грошы праз фонд BySOL — і збор быў паспяхова закрыты. Яго мэтай пазначаныя поўнае медычнае абследванне, карэкцыя зроку, а таксама стаматалогія і пратэзаванне зубоў.
Беларусы наданацілі Ціханоўскаму нават трохі болей за 8 тысяч, якія ён хацеў сабраць, — 10 тысяч 47 еўра. Але ў стрыме пад назвай "Рэакцыя на стрым пра нізкі ўзровень незалежнай журналістыкі" блогер прызнаўся, што прынамсі частку ад гэтай сумы выдаткаваў не згодна з мэтамі збору, а каб заплаціць сваёй камандзе: прэс-секратару, аператару і ахоўніку.
"Аказалася, што грамадзянін Беспалаў, калі быў у мяне, так бы мовіць, прэс-сакратаром, прабыў на гэтай пасадзе ўсяго два месяцы. У верасні [2025 года] ён ужо звольніўся. Дакладней, я яго звольніў, бо не было чым плаціць. Ён жа яшчэ браў у мяне грошы — у чалавека, які нідзе не працуе.
Я збіраў… значыць, беларусы збіралі мне грошы на дапамогу, на аднаўленне здароўя. Там сабралі 10 з нечым тысяч. І вось з гэтых грошай я выплачваў заробак яму, ахоўніку і аператару.
А ў верасні ў мяне ўжо проста не было магчымасці больш плаціць. І я ў дваццатых чыслах верасня з усімі развітаўся. Ну, проста не было чым плаціць", — расказаў Ціханоўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут