Гераіня сэлфі на фоне шчытоў: здавалася, супраць іх выйшла Зена, каралева воінаў

28/03/2017 - 11:27

Для Любові Дзядзінкінай 25 сакавіка — сапраўднае нацыянальнае свята, якое не мусіць быць забытым і якое трэба святкаваць усім народам на вуліцах Беларусі. Яе ўсмешлівае сэлфі з сяброўкай на фоне шэрагу шчытавікоў, якія перакрывалі праспект Незалежнасці падчас разгону вулічнай акцыі, імгненна разляцелася па СМІ і сацыяльных сетках. У каментарыях выказваліся кампліменты дзяўчынамі, а некаторыя нават назвалі гэтае фота сімвалам мірных пратэстаў Беларусі. Еўрарадыё знайшло аўтарку знакамітага сэлфі і пагутарыла з ёй. Як высветлілася, Любоў працуе дзіцячым трэнерам па каратэ. Яна вельмі пазітыўная і далікатная дзяўчына з неверагодна прыцягальнай усмешкай і актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

Пра страх:

Скажу вам шчыра, страшна было. У пэўны момант, калі толькі прыйшлі. Міліцыя яшчэ тарабаніла па сваіх шчытах. Але, калі з’явіліся камеры, калі пачалі падцягвацца людзі, спяваць песні, крычаць “Жыве Беларусь!”, страшна ўжо не было. Была проста няёмкая сітуацыя, што мы без зброі, апранутыя ў звычайныя курткі, штаны... выйшлі проста прагуляцца, бо Дзень Волі — свята. А тут нас сустрэлі ў поўным абмундзіраванні. Я прыглядзелася, што на іх было апранута. Стваралася ўражанне, што супраць іх прыйшла Зена — каралева воінаў (гераіня брытанскага фэнтэзійнага тэлесерыяла, — заўв. Еўрарадыё) з мячом і шчытом (усміхаецца). Гэта было проста недарэчна, шчыра кажучы.

Пра людзей побач:

На фоне гэтых шэрагаў былі проста грамадзяне з усмешкамі. Прычым, ніхто з нас не быў агрэсіўным, ніхто не лаяўся матам, крый Божа. Нехта спяваў на беларускай мове песні, нехта падыходзіў да іх, размаўляў па-беларуску. То бок гэта былі абсалютна звычайныя людзі розных узростаў. Відаць, менавіта ў месцы, дзе перакрылі праспект, людзі мусілі аб’яднацца. Але нас паздзялілі двума шэрагамі міліцыі. То бок на адным баку кардона засталіся тыя, хто не паспеў дайсці з Акадэміі Навук, а на іншым засталіся астатнія дэманстранты, са сцягамі. Мы туды хацелі прабрацца! Але нас не прапускалі. Дарэчы, з нашага боку быў дзядуля, які падышоў да міліцыянтаў і сказаў: “Сынкі! Чаму ж мы прыйшлі і стаім тут перад вамі з адкрытымі тварамі, а вы закрылі свае твары маскамі? Адкройце свае твары!”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі