Генпракуратура і Следчы камітэт могуць праверыць ультыматум Ціханоўскай

13/10/2020 - 16:52

Ультыматум Святланы Ціханоўскай да беларускіх уладаў могуць праверыць Генпракуратура і Следчы камітэта. 

Як распавядала Еўрарадыё, сёння ў Telegram-канале Ціханоўскай з'явіўся ультыматум беларускім уладам. Ціханоўская выстаўляе тры патрабаванні:

— сыход Аляксандра Лукашэнкі з улады;

— спыненне гвалту на вуліцах;

— вызваленне палітвязняў.

Калі гэтыя патрабаванні за 13 дзён не будуць выкананыя, яна пагражае ўсеагульным страйкам прадпрыемстваў.

У каментары РІА "Новости" начальнік аддзела інфармацыі Генпракуратуры Анжаліка Курчак паведаміла, што можа быць пачатая праверка гэтага звароту. Пры гэтым яна падкрэсліла, што гаворка ідзе не пра перспектыву такой праверкі, а толькі пра наяўнасць працэсуальнай магчымасці. "Telegram-канал, дзе была распаўсюджаная інфармацыя, не афіцыйнае СМІ. Наколькі дакладная інфармацыя, таксама трэба правяраць. Хто яе распаўсюдзіў. Пакуль нічога з гэтай нагоды сказаць не магу", — дадала прадстаўніца Генпракуратуры.

Законную магчымасць праверыць ультыматум Ціханоўскай мае і Следчы камітэт. Яго афіцыйная прадстаўніца Юлія Ганчарова не стала адказваць на пытанне, ці пачнецца такая праверка — яна заявіла, што не можа раскрываць дэталі ўнутранай працы СК. Інфармацыя наконт праверкі можа быць агучаная толькі пасля яе пачатку, кажа Ганчарова. 

Прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна пацвердзіла, што заява была сапраўды зробленая палітыкам. Сітуацыю ў Беларусі Красуліна ахарактарызавала як прававы дэфолт. Яна згадала, што пракуратура дагэтуль не пачала ніводнай крымінальнай справы за злоўжыванне сілай з боку сілавікоў. "У святле гэтага няма сэнсу каментаваць заяву гэтага органа. Тым больш, што Святлана ўжо пад крымінальным пераследам за спробу захопу ўлады", — дадае Красуліна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі