Гендырэктар ФК БАТЭ выкінуў на сметнік сваю міліцэйскую форму

14/08/2020 - 11:21

Гендырэктар ФК БАТЭ Міхаіл Залеўскі выкінуў на сметнік сваю міліцэйскую форму. "Я былы афіцэр і мне празмерна СОРАМНА", піша ён у Instagram у каментары да відэа. Ён абураны дзеяннямі сілавікоў, якія жорстка разганяюць мірныя акцыі пратэсту, збіваюць людзей, здзекуюцца з іх за кратамі.

"Прашу, СПЫНІЦЕСЯ дзеля міру, — піша Залеўскі. — Няжо вам ні жанчын, ні дзяцей не шкада?". Ён нагадвае сілавікам пра прысягу і заклікае іх задумацца перад тым, як падняць дубінку. Бо "тут НЯМА ВОРАГАЎ, вакол суседзі, жонкі і сябры", "пераступіць праз простых людзей НЕЛЬГА", — піша гендырэктар ФК БАТЭ.

Міхаілу Залеўскаму 39 гадоў. Раней ён служыў у органах унутраных спраў на кіраўнічых пасадах у падраздзяленнях па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, скончыў Акадэмію МУС. Пасаду гендырэктара ў футбольным клубе займае з сакавіка 2020-га.

Як паведамляла Еўрарадыё, падчас разгону пратэстаў быў затрыманы форвард БАТЭ і зборнай Беларусі Антон Сарока. Яго асудзілі на 7 сутак арышту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі