"Гарызонт" выгнаў школу, што заняла месца хаба Imaguru (і яго выгнаў "Гарызонт")

29/08/2022 - 12:45
Кампус "Інавацыі" на Пугачоўскай, 10 у Мінску / "Яндэкс"

Арэндадаўца закрыў персаналу прыватнай мінскай школы "Інавацыя" доступ да навучальнага корпуса на вуліцы Пугачоўскай. Кіраўнічая кампанія холдынга "Гарызонт" змяніла ў будынку замкі без ведама арандатара.

Паведамленне пра гэта рассылаецца ў бацькоўскія чаты ад імя Алены Мішчанка, дырэктара і сузаснавальніцы "Інавацыі". Сітуацыя крытычная: да пачатку навучальнага года засталося два дні.

Мішчанка піша, што ўклала "велізарныя грашовыя сродкі ў рамонт, утрыманне і матэрыяльна-тэхнічную базу". Аднак на рашэнне арэндадаўцы гэта ніяк не паўплывала.

"Усе мае намаганні па ўрэгуляванні гэтай сітуацыі на сённяшні дзень не прывялі да адкрыцця памяшкання, — паведамляе яна. — Сітуацыя, якая склалася, агучаная на рэспубліканскім узроўні, я ўсё яшчэ спадзяюся, што да 01.09.2022 сітуацыя зменіцца і ўстанова зноў зможа размяшчацца на Пугачоўскай, 10. Але гарантаваць Вам я гэтага не магу".

Увечары 29 жніўня ў Zoom пройдзе бацькоўскі сход, на якім дырэктар збіраецца агучыць варыянты выхаду з сітуацыі, якая склалася.

Кампус "Інавацыі" на Пугачоўскай, 10 у Мінску / "Яндэкс"

Дырэктар і сузаснавальніца "Інавацыі" — Алена Мішчанка, кіраўніца беларускай Асацыяцыі прыватных устаноў адукацыі. Яна неаднаразова заўважаная на нарадах з гарадскімі чыноўнікамі высокага ўзроўню. Маці Алены — Людміла Мішчанка — доўгі час была дырэктарам Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, а ў 2001 годзе з'яўлялася даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі.

У студзені 2022 года "Інавацыя" заняла памяшканне, у якім размяшчаўся стартап-хаб IMAGURU. Яго кіраўніцтва таксама ўклала шмат грошай у рамонт і абсталяванне. Што не перашкодзіла таму самаму "Гарызонту" хутка — як быццам па загадзе — без тлумачэння прычын скасаваць дамову арэнды з хабам у аднабаковым парадку ў красавіку 2021 года.

Зрэшты, гэта не першы і не другі выпадак, калі завод радыкальна вырашае пытанні з прыватнымі арандатарамі. Раніцай 5 жніўня 2020 года прадпрымальнікі, якія працавалі ў 6-м корпусе завода на вуліцы Кісялёва, не змаглі трапіць у будынак. А калі іх усё ж упусцілі, яны ўбачылі, што дзверы ў іх офісы заблакаваныя прутамі арматуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі