Мінскі футбольны клуб "Крумкачы" назваў імя таямнічага інвестара, які дапаможа камандзе выбрацца з пазык. Як піша tut.by, гэта 26-гадовы бізнэсовец з Арменіі Ваге Марцірасян.
Марцірасян кажа, што даведаўся пра клуб год таму, калі пазнаёміўся з Дзянісам Шунто — кіраўніком клуба. "Дзяніс Пятровіч сцісла абмаляваў сітуацыю, распавёў пра фінансавыя праблемы клуба. З тых часоў падтрымліваю каманду як заўзятар. А пасля нейкага часу, узятага на развагі, падрыхтаваў бізнэс-план спецыяльна пад "Крумкачоў". Ён існуе ўжо даўно, але толькі нядаўна нашы адносіны былі аформленыя. Я сузаснавальнік. Мне належыць кантрольны пакет акцый клуба", — заяўляе бізнэсовец.
Найбліжэйшай задачай ён назваў застацца ў вышэйшай лізе па заканчэнні новага сезона і фінішаваць дзе-небудзь у сярэдзіне. На 2018 год запланаваны бюджэт у 600 тысяч долараў.
Марцірасян заяўляе, што разглядае "Крумкачоў" менавіта як бізнэс-праект. "Калі ўсё правільна арганізаваць, то гэта вельмі выгаднае мерапрыемства. Мая роля ў жыцці клуба будзе звязаная з адміністрацыйным і фінансавым кіраваннем. Камплектаваннем каманды будзе займацца Дзяніс Пятровіч", — акрэсліў ён сваё бачанне перспектывы.
Цяпер клуб чакае рашэння апеляцыйнага камітэта АБФФ. "Крумкачы" падалі пратэст на адмову прыняць дакументы для далейшага ўдзелу ў вышэйшай лізе чэмпіянату краіны.