Функцыянера, які ў 2020-м дапамагаў міліцыі, судзілі за "здраду дзяржаве"

03/03/2026 - 15:48

Уладзімір Цюхай / АНТ

Адыёзнага функцыянера БРСМ і Кампартыі асудзілі на 17 гадоў пазбаўлення волі.

Уладзіміра Цюхая вінавацілі па дзвюх частках артыкула "здрада дзяржаве", а таксама ў "прымусе асобы да ўдзелу ў злачыннай дзейнасці з прымяненнем гвалту або знішчэннем маёмасці". Суд над ім пачаўся 21 чэрвеня 2024 года. Толькі цяпер стаў вядомы вырак і сутнасць справы.

Як даведалася "Наша Ніва" ад былога палітвязня, Цюхай вырашыў сачыць за вайскоўцамі, каб перадаць звесткі Украіне.

У 2020 годзе Цюхай дапамагаў міліцыі патруляваць вуліцы і лавіць удзельнікаў пратэстаў.

А першую вядомасць ён атрымаў у 2008-м, калі быў сакратаром мінскай арганізацыі Кампартыі ды супрацоўнікам БРСМ. Каб сваякі і паплечнікі палітвязня Аляксандра Баразенкі не маглі трапіць на суд, ён цалкам запоўніў залу студэнтамі мінскіх ВНУ. А маці палітвязня штурхнуў так, што яна павалілася на рукі мужа. Аніякай адказнасці Цюхай за гэта не панёс.

У 2013‑м жодзінскія паляўнічыя на педафілаў сцвярджалі, што злавілі яго на жыўца. Яны вялі перапіску ад імя 15‑гадовага хлопца, які запрасіў Цюхая на "гарачую ноч". На сустрэчу Цюхай прыбыў з інтымнай змазкай і прэзерватывамі. Сам ён гэта адмаўляў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі