Францыя стала чэмпіёнам свету па футболе — у другі раз у гісторыі (відэа)

15/07/2018 - 18:11

Францыя стала чэмпіёнам свету па футболе. 15 ліпеня ў фінальным матчы мундыялю, які прайшоў у Маскве, яна перамагла зборную Харватыі.

Лік адкрыўся на 18-й хвіліне недарэчным голам Марыя Манджукіча, які замкнуў удар Антуана Грызмана і скіраваў мяч ва ўласную браму. Праз дзесяць хвілінаў харваты адыграліся, дзякуючы Івану Перышычу і лік стаў 1:1. Яшчэ праз дзесяць хвілінаў Грызман вывеў Францыю наперад.

У другім тайме Поль Пагба павялічыў перавагу французаў, якія пачалі граміць сапернікаў: на 65-й хвіліне Кіліян Мбапе давёў лік да 4:1. Зрэшты, Харватыя да апошняга старалася адыграцца і на 69-й хвіліне Манджукіч забіў гол, аднак лік ужо не памяняўся — 4:2 на карысць Францыі.

Францыя стала чэмпіёнам свету ў другі раз у гісторыі — упершыню гэта было ў 1998 годзе на хатнім турніры. Для Харватыі серабро мундыяля — найлепшы вынік. Адметна, што раней найвышэйшым дасягненнем харватаў на чэмпіянатах свету была бронза, якую яны здабылі 20 гадоў таму на тым самым турніры ў Францыі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі