Французскі пенсіянер знайшоў малюнак знакамітага Леанарда да Вінчы, які каштуе 15 млн еўра. На ім можна пабачыць выяву святога Себасцьяна, прывязанага да дрэва. Памер малюнка — 19 см на 12,7 см.
Як піша The New York Times, вясной 2016-га парыжскі аўкцыённы дом Tajan наведаў мужчына, які да пенсіі працаваў лекарам. Ён паказаў 14 малюнкаў з сямейнай калекцыі, якую сабраў яго бацька. Некалькі найлепшых экспертаў прыйшлі да высновы, што знойдзены невядомы малюнак Леанарда да Вінчы. Яго датавалі 1482-1485 гадамі.
Мяркуецца, што малюнак можа купіць адзін з французскіх музеяў. Прозвішча яго цяпершняга ўладальніка не разгалошваецца.