Фінансавыя санкцыі непрыкметныя, але самыя страшныя: Чалы пра санкцыі ЕС

25/06/2021 - 15:33
ЕС адразае магчымасці паступлення валюты ў Беларусь / Reuters

На думку незалежнага аналітыка Сяргея Чалага, варта звярнуць увагу на санкцыі ЕС, якія датычацца не асобных таварных пазіцый, а на абмежаванні фінансавага сектара.

— Гэта значна страшней. Першае — гэта забарона на ўдзел у любых даўгавых інструментах даўжынёй больш за 90 дзён. Фактычна забарона на любыя інвестыцыйныя дзеянні, — расказвае Сяргей Чалы.

Можна выбудоўваць схемы з больш кароткімі інструментамі крэдытавання, але гэта будзе нязручна і абыходзіцца вельмі дорага, падкрэслівае аналітык.

— Тое, што ў спісе з'явіліся канкрэтныя банкі, не проста так. Яны ўдзельнічалі ў схемах пастаўкі валюты ў краіну шляхам сіндыкаваных пазык за мяжой.

Сіндыкаваныя крэдыты — гэта пазыкі, якія дае не адзін, а некалькі крэдытораў. Гэта дазваляе пазычаць значна большыя сумы грошай.

— Гэты канал быў адзіным апошнім часам, яшчэ рабочы для пазык менавіта ў цвёрдай валюце. Калі не лічыць Расіі, і то там давалі ў расійскіх рублях. Тое, што ў ЗВР не пакладзеш, — працягвае Сяргей Чалы.

Таксама санкцыі закранулі кампаній, якія займаюцца страхаваннем і перастрахаваннем беларускіх уладаў і дзяржорганаў. Гэта значыць, што цяпер кампаніі не змогуць страхаваць рызыкі тых, хто гатовы даць Беларусі крэдыт. Механізм перастрахавання прадугледжвае, што адзін страхоўшчык перадае іншым частку сваёй адказнасці і ўзнагароды.

— У нашых кампаній даволі дзіўна пабудаваны страхавы сектар. У тым сэнсе, што вельмі нізкая капіталізацыя гэтых кампаній і ніхто сур'ёзна не мог браць рызыкі на сябе. Фактычна яны выконвалі функцыю страхавых агентаў больш буйных кампаній заходніх.

Фінансы, інвестыцыйныя інструменты і перастрахаванне — гэта рэчы, якія не прыцягваюць увагі, але будуць працаваць на павольнае задушэнне, рэзюмуе эксперт.

Сектаральнымі санкцыямі ад 24 чэрвеня ЕС абмежаваў беларускім дзяржбанкам доступ на рынак капіталу Еўрасаюза. Таксама забароненыя страхаванне і перастрахаванне. Еўрапейскі інвестыцыйны банк спыняе нават выплаты па дзейных пагадненнях з праектамі беларускага дзяржсектара.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі