Фігурант “справы патрыётаў”: “Фраў А” ў матэрыялах справы ніяк не фігуруе

21/12/2017 - 13:32

З пачатку бягучага тыдня фігуранты “справы патрыётаў” знаёмяцца са сваімі справамі. Па словах Алеся Яўдахі, ён ўжо здолеў прачытаць палову сабраных супраць яго матэрыялаў.

“Тое, што вартае ўвагі, у матэрыялы справы проста не трапіла. Я ўжо азнаёміўся прыблізна з паловай матэрыялаў, але так і не зразумеў: што да чаго, з чаго ўсё пачалося? Там проста вада. Ёсць у матэрыялах допыты фігурантаў, дзе адзін кажа адно, другі — другое, адзін — ад сябе, іншы — падобна што пад дыктоўку. Але канкрэтыкі, каб зразумець прычыны ўсяго гэтага, у маёй справе няма. Ці я яе не пабачыў”, — кажа Алесь Яўдаха.

Што да сказанага іншымі фігурантамі справамі падчас допыту, то, па словах Алеся Яўдахі, там таксама няма ніякага кампрамату.

Алесь Яўдаха: “Там тое, што і так было ўсім вядома: што нехта хадзіў у лес, нехта займаўся рэчамі, якія пры пэўных раскладах можна палічыць вайсковай падрыхтоўкай. Хаця на самай справе гэта можа быць проста спорт, спартыўнае арыентаванне ці яшчэ нешта. Звычайныя такія штукі, у якіх можна абвінаваціць палову мужчынскага насельніцтва Беларусі”.

Знаёміцца са сваёй справай і былы лідар “Белага легіёна” Міраслаў Лазоўскі. Кажа, перад пачаткам азнаямлення ў яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Таму казаць нават пра тое, у якім выглядзе ў матэрыялах фігуруе нібыта знойдзены ў яго машыне аўтамат, Лазоўскі асцерагаецца.

Міраслаў Лазоўскі: “А так магу сказаць, што шмат пытанняў маю. Такое ўражанне, што “Фраў А” там не адлюстроўваецца ніяк, ніякім чынам”.

Чытае сваю справу і Аляксандр Зімніцкі, ён таксама пад падпіскай аб неразгалошванні. Пакуль з прачытанага Зімніцкі не хоча рабіць нейкія высновы.

Алесь Яўдаха знаёміцца са сваёй справай разам з адвакатам. Але пакуль нават яго дапамога не дапамагла хлопцу зразумець усю моц накапанага супраць яго следчымі матэрыялу.

Алесь Яўдаха: “Пакуль найчасцей звяртаем увагу на знойдзеныя ў матэрыялах прыколы. А нечага сур’ёзнага, сапраўды вартага ўвагі ні мне, ні ёй не траплялася”.

У Міраслава Лазоўскага прачытанае ў сваёй справе усмешкі не выклікае.

Міраслаў Лазоўскі: “Нічога там страшнага няма, але, шчыра кажучы, і жадання пасмяяцца таксама нічога не выклікае. Бо разумееш, што наступствы маглі быць абсалютна іншымі”.

Бо любы факт і любое дзеянне пры жаданні можна інтэрпрэтаваць па-рознаму.

Нагадаю, за краты па справе “Белага легіёна” трапілі 35 чалавек. Іх абвінавачвалі ў "падрыхтоўцы масавых беспарадкаў". Праз некалькі тыдняў маладафронтаўцаў вызвалілі, а яшчэ 20 чалавек (большасць — былыя сябры арганізацыі "Белы легіён") пачалі абвінавачваць у “стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі