Фігурант "справы Белага легіёна" прызнае, што меў патрон ад аўтамата Калашнікава

04/12/2017 - 14:31

Андрэй Бяляўскі ў гутарцы з карэспандэнтам Радыё "Свабода" пацвердзіў, што на яго пачалі крымінальную справу за незаконнае захоўванне боепрыпасаў. Па яго словах, пра пачатую справу ён даведаўся тыдзень таму.  

"27 лістапада мне патэлефанавалі са Следчага камітэта і сказалі, што справа заведзеная за патрон. Потым выклікалі да следчага, азнаёмілі са справай. Я прызнаю, што той патрон у мяне сапраўды быў", — заявіў Бяляўскі.

Раней Бяляўскі праходзіў па так званай "справе Белага легіёна". На мінулым тыдні кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч паведаміў, што гэтую справу будуць закрываць. Цяпер адзін з яе былых фігурантаў трапіў пад іншую справу.

Паводле Бяляўскага, баявы патрон калібру 7,62 міліметра ад аўтамата Калашнікава ў яго знайшлі яшчэ ў сакавіку, падчас ператрусу пры затрыманні. Разам з патронам тады забралі "некалькі мабільных прыладаў сувязі, сцізорык, нейкія паперы". Па словах Бяляўскага, патрон быў у нармальным стане, не ржавы. Ніякіх планаў наконт гэтага патрона ён не меў: "Ляжаў ды ляжаў сабе ў шуфлядзе, як сувенір. Не памятаю ўжо, адкуль ён і ўзяўся. Я гэтак і сказаў следчаму".

Бяляўскаму за знойдзены патрон пагражае да сямі гадоў зняволення, мінімальнае пакаранне за такое злачынства — абмежаванне волі. Андрэй Бяляўскі спадзяецца на мінімальную меру пакарання, але не сумняецца, што справа дойдзе да суда.

Праваабаронцы з "Вясны" кажуць, што правяраюць звесткі наконт крымінальнай справы на яшчэ аднаго з былых фігурантаў справы патрыётаў. Прозвішча яго пакуль не называюць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі