Калаж Еўрарадыё
Абавязковы масачны рэжым уведзены ў Мінску і дзясятках раёнаў Беларусі. Маскі трэба насіць у грамадскім транспарце, крамах, рэстаранах і іншых грамадскіх месцах. Атрымліваецца, што нават Аляксандру Лукашэнку цяпер давядзецца праводзіць нарады ў масцы — бо сустрэча з падначаленымі — не што іншае, як зграмаджэнне народу!
Пры гэтым пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі датычна нашэння масак з пачатку пандэміі пастаянна змянялася. Еўрарадыё вывучыла эвалюцыю меркавання Лукашэнкі пра неабходнасць выкарыстання гэтага сродку аховы.
У пачатку сакавіка Лукашэнка заклікаў не ствараць ажыятаж і не скупляць маскі.
"Пабеглі, скупілі... і што цяпер? Цяпер зразумелі, што перанапружыліся", — казаў ён.
Заяўляў Лукашэнка і пра тое, што СААЗ нібыта рэкамендавала насіць маскі толькі хворым.
Зноў выказаўся Лукашэнка пра маскі 16 сакавіка.
"Беларусы проста малайцы. За выключэннем аднаго выпадку: не бегайце па аптэках і не скупляйце маскі, спецадзенне ці нейкія лекі", — сказаў ён.
У гэты дзень Лукашэнка заклікаў усіх падыходзіць "узважана" да выкарыстання сродкаў індывідуальнай аховы (СІА).
"Еду па вёсцы. Ідзе чалавек адзін, вецер, надвор'е цяпер добрае, і маска на твары. Здымі маску, падыхай свежым паветрам. Ён ідзе ў гэтай масцы. Але калі ты ў горадзе, дзе велізарная колькасць людзей, ёсць апаска, ну надзень наморднік і хадзі. Толькі лішняе таксама не трэба хадзіць па горадзе. Схадзіў у краму, у аптэку і ідзі дадому. Ці куды-небудзь, дзе не трэшся адно аб аднаго".
"Я ведаю многіх такіх. Але як толькі наступіў гэты псіхоз (нават не хвароба), усе рванулі не ў храм, а ад храма. Нядобра. Але гэта мая пазіцыя, я яе нікому не навязваю. Гэта вам вырашаць, як вы будзеце жыць, як будуць жыць вашы дзеці. Я толькі зыходжу з таго, што заўсёды трэба дзейнічаць адпаведна абставінам: калі трэба надзець маску — надзеньце, калі трэба іншым чынам паберагчыся — беражыце сябе. Але дзейнічайце адпаведна таму, як складваюцца абставіны".
21 красавіка Лукашэнка забараніў прымушаць дзяцей насіць маскі і карыстацца ў школах "гаручымі антысептыкамі на этаноле".
"Глупства несусветнае. Нельга дзецям гэтыя маскі надзяваць, асабліва ў школе. Такога патрабавання не было. І калі дзесьці гэта ёсць, тыя, хто гэта ўвёў, адкажуць. Вы лепш адчыніце акно, праветрыце, каб было свежа".
"Скажу шчыра: і людзі малайцы. Яны гэту маску не надзяваюць дзе папала. У грамадскіх месцах дзесьці, у краму ідуць…"
"Вось маску на вуліцы я вам не раю насіць. Маску, калі ўжо хочаце, — у памяшканні. Гэта вы сабе заразу туды закінеце і будзеце яе трымаць маскай. Таму старайцеся на вуліцы хадзіць без маскі, а ў памяшканні, калі ў вас ёсць жаданне. Ну лепш прыходзьце ў храм".
У канцы жніўня, калі захваральнасць была яшчэ нізкая, Лукашэнка заклікаў усіх "па магчымасці паберагчыся":
"Калі вы дзесьці ў краме, аптэцы, у чужым калектыве, не на прыродзе, не саромейцеся маску надзець".
"Той досвед, які мы атрымалі, неацэнны. І той шлях, які мы абралі, ён таксама сёння неацэнны для ўсяго свету. Так, ніхто вам дзякуй не скажа за той шлях, які мы прайшлі, за тыя метады, якімі мы лячылі нашых людзей, што мы іх не ізалявалі, не зачынялі, рэкамендавалі быць на свежым паветры. Але калі ты ідзеш у аптэку, краму, то абавязкова вазьмі з сабой маску".
"Так, дзе шмат людзей, трэба карыстацца маскай: крамы, метро, яшчэ недзе. Там, дзе трэба, павінна быць маска. І часцей на паветры быць, а лепш — у лесе".
Ні Лукашэнка, ні ўдзельнікі нарад, на якіх ён прысутнічаў, ні разу з пачатку пандэміі не былі ў масцы.
Прычыну адсутнасці на Лукашэнку маскі яго прэс-сакратарка Наталля Эйсмант вясной тлумачыла так:
"Па-першае, пачытайце рэкамендацыю СААЗ. Там гучыць прыкладна так: здаровым людзям маскі не патрабуюцца і не гарантуюць ахову. Што ж да фармату працы — у прэзідэнта ён не мяняўся, як працавалі, так і працуем — у звычайным рэжыме. [...] Наколькі я ведаю, не надзяваў і не збіраецца надзяваць маску і прэзідэнт".
Дарэчы, нашэнне масак цяпер абавязковае ва ўсіх аб'ектах сталіцы. Ці будзе выконваць гэта патрабаванне Лукашэнка пры наведванні якіх-небудзь арганізацый? Пытанне рытарычнае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.
To see this content visit the full version of this page.