Еўрасаюз зноў заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне

29/12/2016 - 14:10

Еўрапейскі саюз чарговы раз заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Адпаведны заклік змяшчаецца ў заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Нагодай для заявы стаў чарговы смяротны прысуд, вынесены ў Беларусі.

"Гэты прысуд, вынесены ўслед за карамі чатырох чалавек у гэтым годзе, ідзе насуперак абавязанням беларускіх уладаў разгледзець пытанне пра мараторый на смяротнае пакаранне", — цытуе БелаПАН словы дакумента. У ім нагадваецца, што Еўрасаюз выступае супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках.

У заяве падкрэсліваецца, што палітыка ЕС у дачыненні Беларусі будзе грунтавацца на пытаннях  павагі да фундаментальных свабодаў, вяршэнства закона і правоў чалавека, у тым ліку — праблемы смяротнай кары.

Як паведамлялася раней, 28 снежня Гомельскі абласны суд прысудзіў да смяротнай кары 39-гадовага жыхара Мазыра Кірылы Казачака за забойства ўласных дзяцей — 9-гадовай Кіры і 17-гадовага Улада.

Гэта пяты смяротны прысуд за 2016 год. Прычым чатыры чалавекі ўжо былі пакараныя ў лістападзе.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі