Еўракамісія аштрафавала Facebook за падман пры куплі WhatsApp

18/05/2017 - 14:26

18 траўня Еўракамісія аштрафавала амерыканскую сацсетку Facebook на 120 мільёнаў долараў. Нагодай стала ілжывая інфармацыя, якую Facebook даў пры куплі мэсэнджара WhatsApp, перадае Бі-Бі-Сі.

Рэгулятары ЕС напрыканцы 2014 года дазволілі купіць WhatsApp, не пабачыўшы пагрозы для канкурэнцыі ў сектары сацсетак. Як інфармуе Еўракамісія, Facebook, збіраючыся набываць WhatsApp, заявіў, што не зможа стварыць надзейную аўтаматызаваную сістэму, якая дазваляе звязаць акаўнты карыстальнікаў у двух сэрвісах.

Аднак у жніўні 2016-га WhatsApp паведаміла пра абнаўленне ўмоваў выкарыстання сэрвісу і палітыкі прыватнасці. У прыватнасці, туды ўключалася магчымасць звязаць нумары карыстальнікаў WhatsApp з акаўнтамі ў Facebook.

Правёўшы расследаванне, Еўракамісія высветліла, што кампанія падала заведама непраўдзівую інфармацыю: тэхнічная магчымасць спалучыць акаўнты ў Facebook і WhatsApp існавала і ў 2014 годзе.

Дарэчы, у кастрычніку 2016-га Facebook часова спыніў збор звестак карыстальнікаў WhatsApp ў Еўрасаюзе пасля ціску мясцовых уладаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі