ЕС ухваліў сектаральныя эканамічныя санкцыі супраць уладаў Беларусі

24/06/2021 - 11:31

24 чэрвеня ЕС ухваліў сектаральныя эканамічныя санкцыі супраць уладаў Беларусі. Пад іх трапляюць нафтаперапрацоўка, экспарт калійных ўгнаенняў, банкаўская сфера, тытунёвы бізнес і тэхналогіі відэаназірання. Пра гэта піша ў Twitter  аглядальнік Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзвяк.

Дакумент у бліжэйшы час будзе апублікаваны ў Афіцыйным часопісе ЕС і пачнуць дзейнічаць.

Сектаральныя санкцыі азначаюць наступныя абмежаванні:

• адносна экспарту і перадачы абсталявання, тэхналогій, праграмнага забеспячэння, прызначанага для выкарыстання ў інтарэсах уладаў Беларусі ў маніторынгу або перахопе інтэрнэту, тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах;

• адносна экспарту ў Беларусь тавараў двайнога прызначэння для іх вайсковага выкарыстання;

• адносна экспарту ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў;

• адносна імпарту ў Еўрасаюз нафтапрадуктаў з Беларусі;

• адносна імпарту ў ЕС калійных угнаенняў з нашай краіны;

• доступу на фінансавыя рынкі Еўрасаюз ураду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам, субʼектам;

• Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку забаронена фінансаванне праектаў у дзяржаўным сектары нашай краіны.

Такое рашэнне Савет ЕС называе адказам "на эскалацыю сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў". Таксама гэта рэакцыя "на прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Мінску 23 траўня 2021 года і наступнае затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі".

Аляксандр Лукашэнка тым часам дапускае ва ўмовах санкцый увядзенне вайсковага становішча ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі