У Еўрасаюзе пачалася праца над "пятым пакетам" санкцый супраць беларускіх уладаў, напісаў у Твітары брусельскі рэдактар Радыё "Свабода" Рыкард Юзвяк.
Аб працы над новымі санкцыямі распавёў у Еўрапарламенце прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх сувязяў.
Да гэтага часу былі прынятыя чатыры пакеты санкцый. Яны закраналі як беларускіх чыноўнікаў, сілавікоў і некаторых бізнесоўцаў, так і некаторыя прадпрыемствы.
Новы пакет санкцый міністры замежных спраў Еўрасаюза абмяркуюць ужо на гэтым тыдні. Гэта адбудзецца падчас нефармальнай сустрэчы, таму канчатковыя рашэнні бліжэйшымі днямі прымацца не будуць.
З ініцыятывай выступіла Вільня. У чорны спіс будзе рэкамендавана дадаць беларускія дзяржаўныя кампаніі, датычныя да "экспарту мігрантаў" праз ўсходнія межы ЕС. Пра гэта на слуханнях у Еўрапарламенце распавёў намеснік кіраўніка МЗС Літвы Мантас Адоменас.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут