ЕС асудзіў чарговы смяротны прысуд у Беларусі

20/05/2016 - 13:05

Еўрасаюз асудзіў вынясенне чарговага смяротнага прысуду ў Беларусі. Як заявіла прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч, у Бруселі па-ранейшаму чакаюць, калі ж наша краіна далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротнае пакаранне. Гэта быў бы першы крок да яе адмены, адзначыла Качыянчыч.

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе існуе смяротнае пакаранне. Як паведамляла Еўрарадыё, 19 траўня быў вынесены трэці з пачатку года смяротны прысуд. 33-гадовага жыхара Гомеля Сяргея Вострыкава прызналі вінаватым у жорсткім забойстве дзвюх дзяўчат.

У заяве Маі Качыянчыч адзначаецца, што рост колькасці новых і пакінутых у сіле смяротных прысудаў у Беларусі супярэчыць заявам уладаў нашай краіны пра гатоўнасць узаемадзейнічаць з міжнароднай супольнасцю (у тым ліку з Еўрасаюзам) па гэтай праблеме, а таксама разгледзець пытанне аб увядзенні мараторыя.

"Сусветны вопыт паказаў, што смяротнае пакаранне не з'яўляецца фактарам, які стрымлівае злачыннасць, і менавіта таму многія краіны адмовіліся ад яго прымянення", — цытуе заяву БелаПАН.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі